У Гомельскім драматычным тэатры — кадравыя чысткі

Як стала вядома «Нашай Ніве», у Гомельскім абласным драмтэатры праз грамадзянскую пазіцыю звольнілі некалькіх супрацоўнікаў. Гэта пацвердзілі самі супрацоўнікі.

Гомельскі абласны драматычны тэатр. Фота baumit.de

Гомельскі абласны драматычны тэатр. Фота baumit.de

У прыватнасці, заяву на звальненне «па ўласным жаданні» напісала актрыса Ганна Кавалькова.

270222909_4583001765128644_1574133859805191227_n_8jjml.jpg

Заява на звальненне Ганны Кавальковай
Жанчына працавала ў Гомельскім драмтэатры з 2000 года. Мела ўзнагароды і граматы ад Гомельскага аблвыканкама. Апошнім часам была задзейнічаная ў спектаклях «Пунсовенькая кветачка» Сяргея Аксакава, «Чароўны сон» па Дастаеўскім, «Мужчынам уваход забаронены» Канінгема і іншых.

_74scd.jpg

Ганна Кавалькова. Фота gomeldrama.by
Таксама звольнілі касцюмерку Ірыну Жукаву (Тарнаўскую). Пад пытаннем лёс загадчыка літаратурнай часткай Уладзіміра Ступінскага.
Прычына звальненняў, як кажуць самі экс-супрацоўнікі, «у грамадзянскай пазіцыі». Скрыншоты з іх старонак не так даўно з’явіліся ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах. У якасці «злачынства» дэманстраваліся рэпосты з інфармацыйных рэсурсаў, што прызнаныя сёння экстрэмісцкімі, аватаркі з бел-чырвона-белым сцягам, падтрымка рэпрэсаваных.
«Даносы сталі звычайнай з'явай», — пракаментавалі тэатралы.
У верасні мінулага года на знак пратэсту супраць гвалту з Гомельскага тэатра самастойна сышла актрыса Ала Леная. У жніўні 2020-га яна і яшчэ шэсць супрацоўнікаў запісалі відэазварот «Мы беларусы. Мы супраць гвалту».


Гэта не адзіны выпадак тэатральнай зачысткі апошнім часам. На днях стала вядома пра сыход з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі мастацкага кіраўніка Аляксандра Гарцуева. Па інфармацыі «Нашай Нівы», на гэтым звальненні ў тэатры не скончацца. У рэпертуары РТБД на студзень і люты шмат адмен.

screenshot2021_12_28at141851_vmuee.png


Не так даўно палітычныя звальненні закранулі і Коласаўскі тэатр у Віцебску: пасля паказу прэм’еры спектакля «Ціль» па п'есе драматурга Грыгорыя Горына, дзе са сцэны прагучала фраза «Жыве Фландрыя!», там не працягнулі кантракты з дырэктарам Аляксандрам Старых і як мінімум трыма акцёрамі: Анжалікай Баркоўскай, Юліяй Крашэўскай і Арцёмам Гераком.