У гродзенскім караоке адмянілі «Перамен» і іншыя «палітычныя песні»
Цікавы дакумент даслаў onliner.by чытач. Гэта загад па ТАА «ЧЕМПИ Гродно», да якога належыць кафэ «Чемпи»: дырэктар забараняе ўключаць у караоке песні, «якія змяшчаюць схаваны палітычны падтэкст».
У першую чаргу — «Перамен» ансамбля «Кіно». Гэтая кампазіцыя (у якой Цой «нічога такога» не меў на ўвазе) не ўпершыню падвяргаецца мудрагелістай цэнзуры. Хтосьці за яе адсядзеў, камусьці проста не даюць праспяваць.
Кіраўніцтву кафэ «Чемпи» хапіла кемлівасці аформіць рашэнне дакументальна. З 20 жніўня тут нельга спяваць «Перамен» і не толькі. Літаванне твораў даверана адміністратару. Пры СССР для гэтага існаваў куды больш грувасткі механізм, цяпер бюракратыя зведзена да мінімуму. Ці можна выконваць песню пра «Саню» — у загадзе асобна не гаворыцца.
Матывіроўка такая: «У сувязі з палітычнай абстаноўкай, якая склалася, і ў пазбяганне канфліктаў паміж гасцямі з рознымі палітычнымі поглядамі».
Таксама падчас спеваў забаронена выкрыкваць палітычныя лозунгі — інакш музыка будзе выключаная, «пакуль госці не супакояцца».
У пераліку экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма мы кампазіцыю «Перамен» пакуль не знайшлі. Можа быць, дасланы дакумент наогул фальшыўка? Бо так не бывае...
Дырэктар фірмы «ЧЕМПИ Гродно» Наталля Забашная па тэлефоне сказала:
— Я не буду нічога каментаваць.
— Але я яшчэ нічога не спытаў...
— Мы маем права ўстанаўліваць любыя ўнутраныя правілы. Але выстаўляць унутраны дакумент, ды яшчэ з прозвішчамі, ніхто не мае права. Усяго добрага.