«У іх твары нязломных людзей». У Варшаве прайшоў вечар салідарнасці з анархістамі, якіх судзяць за «тэрарызм»

Суд над фігурантамі справы «анарха-партызан» Ігарам Аліневічам, Дзмітрыем Дубоўскім, Сяргеем Раманавым і Дзмітрыем Разановічам працягваецца з 15 лістапада. Усе яны ўжо больш за год знаходзяцца ў СІЗА КДБ. 23 лістапада беларускія анархісты Варшавы арганізавалі сустрэчу салідарнасці, піша «Радыё Свабода».

Вечар салідарнасці з анархістамі ў Варшаве, 24 лістапада 2021

Вечар салідарнасці з анархістамі ў Варшаве, 24 лістапада 2021


Падчас імпрэзы чыталі фрагменты з сёлетняга выдання кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан», перакладзенай на беларускую мову.

«Выкарыстанне выразу "група Аліневіча" як непраўдзівае, так і небяспечнае для самога Ігара»

На пачатку мерапрыемства, якое праходзіла ў варшаўскім сацыяльным цэнтры, анархістка Валерыя Хоціна расказала пра вядомыя на сённяшні момант дэталі справы «анархістаў-партызан», а таксама пра пераслед фігурантаў да моманту іх затрымання ў кастрычніку 2020 года.
Валерыя падкрэсліла, што прадстаўнікі незалежных СМІ ў сваіх публікацыях неаднаразова называлі чатырох анархістаў «групай Аліневіча» (менавіта такі выраз пасля іх затрымання выкарыстоўвалі дзяржаўныя СМІ, КДБ, у тым ліку прадстаўнік ведамства Іван Церцель), што, на яе думку, некарэктна.
«Я лічу, што гэта інкрымінуе самога Аліневіча, робіць яго лідарам усёй кампаніі. А мы ведаем, што азначае лідарства ў Крымінальным кодэксе, за арганізацыю заўсёды большыя тэрміны, чым за проста ўдзел, — сказала дзяўчына. — (…) Выкарыстанне гэтага выразу не толькі небяспечнае для Ігара, але яно і непраўдзівае. Я не была з гэтымі людзьмі падчас іх знаходжання ў Беларусі, але ўпэўненая, што ў анархічных групах звычайна няма лідара — людзі могуць прапанаваць нейкія ідэі і іншыя могуць іх падтрымаць або не».
Арганізатары паказалі адзін з трох зваротаў Ігара Аліневіча, які ён запісаў і выклаў на Youtube у верасні мінулага года, калі быў за мяжой.
У звароце Ігар выказаў сваё стаўленне да таго, што адбывалася ў краіне пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў. А таксама пракаментаваў гвалт сілавікоў у дачыненні да выпадковых грамадзян, згадаўшы катаванні, якія прымяняліся да яго самога ў СІЗА КДБ пасля затрымання 11 гадоў таму.
«Тое, што мы бачылі ў 2020 годзе, Ігар адчуў на сваёй скуры яшчэ ў 2010-м, проста на той момант гэта нікога не хвалявала», — сказала Валерыя Хоціна.
Тыя, хто выступіў на мерапрыемстве, зачытвалі фрагменты з кнігі Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан».
Валерыя Хоціна, у сваю чаргу, зачытала артыкул Ігара «Палітычныя», у якім анархіст адказваў на пытанне: «Каго лічыць палітычным вязнем, а каго — не?»
Валерыя патлумачыла, чаму гэты статус важны:
«Па-першае, ён гарантуе, што дзяржава, сілавікі, улады будуць іх так успрымаць, і ўсе людзі, якія ўводзяць санкцыі, могуць патрабаваць вызвалення асоб са спісу палітзняволеных.
Па-другое, шмат фондаў дапамагае палітвязням, але яны бяруць пад увагу толькі тых, хто ў спісах "Вясны". У выніку зняволеныя аўтаматычна пазбаўляюцца легітымнага права карыстацца рэсурсамі, якія людзі ахвяруюць», — падсумавала Валерыя.

«Мы жывём, па сутнасці, у акупацыі. Ігар і яго сябры бачылі гэта ўжо даўно»

Леташнія відэазвароты Ігара пракаментавала і яго маці Валянціна, якая выступіла на вечарыне анлайн. Яна расказала, што адгаворвала сына іх публікаваць.
«Я гаварыла, што і так ужо дастаткова тых, хто кажа, што рабіць, а што не. Што не трэба быць адным са шматлікіх і што ты не маеш права ўдалечыні ад Радзімы раіць нешта тым, хто знаходзіцца ў Беларусі. Але ён мяне не паслухаў і потым мне напісаў: "Ты ведаеш, я калі выказаў усё тое, што хацеў, мне адразу стала лягчэй". Тады я і не падумала, што ў яго вачах была гэтая рашучасць пайсці на ўсё. Цяпер я [рашучасць] ужо бачу», — сказала Валянціна Аліневіч.
Жанчына падкрэсліла, што ганарыцца сынам, нягледзячы на тое, што ў дзяржаўным інфармацыйным парадку дня яго называюць «тэрарыстам».
«Мой паклон такім людзям, як ён, якія ставяць свабоду сваёй радзімы і барацьбу за справядлівасць вышэй за ўсё. У першым лісце ён мне напісаў, што "ўяўляю, які ты жах адчула, калі пачула вось гэта ўсё. Я прашу прабачэння за сябе, што зноў прымушаю вас акунуцца ў гэты кашмар, але ты павінна як ніхто мяне зразумець, я проста не мог па-іншаму"».
Валянціна адзначыла, што погляд Ігара і яго сяброў на сітуацыю ў краіне даўно адрозніваўся ад таго, што ў большасці беларусаў.
«Мы жывём, па сутнасці, у акупацыі. Ігар і яго сябры бачылі гэта ўжо даўно, і многія людзі сёння разумеюць, што яны мелі рацыю».
Маці Аліневіча пракаментавала і першае судовае пасяджэнне, працытаваўшы словы сваёй знаёмай, якая таксама змагла там папрысутнічаць.
«Яна сказала: я ішла на суд у такой дэпрэсіі, а выйшла ў прыўзнятым настроі і з аптымізмам гляджу ў будучыню. Калі я адчула тую атмасферу, мне падалося, што маральная перавага была на баку прысутных у залі, у тым ліку абвінавачаных».
Валянціна Аліневіч прызналася, што была ўражаная тым, як трымаліся хлопцы.
«Уявіце, людзям на карантыне цяжка знаходзіцца ў кватэры на працягу 10 дзён, а як у маленькай бетоннай камеры прасядзець больш за год! І вось убачылі б вы іх твары. Гэта твары нязломных людзей», — сказала маці Ігара Аліневіча.

Як апісваюць Ігара Аліневіча яго сябры і знаёмыя

Вось якія словы гучалі пра Аліневіча на вечарыне салідарнасці:
«Ён дайшоў да такога стану фізічнага ўзвышэння, што фізічнае жыццё для яго перастала мець такую вартасць. Для яго заўсёды важна было не здрадзіць самому сабе, і ў турме ён яшчэ больш у гэтым перакананні ўзмацніўся, і з яго жалезнага характару выгартавалася сталь».
«Я быў уражаны гэтым чалавекам, мы правялі прэзэнтацыю яго кнігі ва ўніверсітэце ў Інстытуце сацыялогіі. Ігар адчуваў сябе ўпэўнена на кожным з такіх мерапрыемстваў, незалежна, ці гэта быў сквот, ці кавярня, ці сацыяльны цэнтр».
«Ён дапаўняў сваю кнігу "Еду ў Магадан", але не скончыў, таму што вырашыў, што падзеі ў Беларусі важнейшыя за кнігу».
«Яго анархісцкае сэрца і душа рэвалюцыянера засталіся ў БУРы, як мы гэта завём: Беларусь, Украіна, Расія — барак узмоцненага рэжыму. Ён заўсёды сачыў за навінамі гэтых краін, вельмі перажываў за тое, што там адбываецца».