«У ізалятары бачыла вельмі яркія сны». Шчыры аповед жыхаркі Гомеля, якая адбыла 105 сутак арышту

Медыка і палітзняволеную Анастасію Перавошчыкаву сем разоў каралі арыштам па 15 сутак — за нібыта ўдзел у «партызанскіх» акцыях. Дзяўчына выйшла з ізалятару часовага ўтрымання ў Буда-Кашалёве 9 траўня. «Радыё Свабода» пагутарыла з ёй.

Анастасія Перавошчыкава

Анастасія Перавошчыкава

Найбольш хацела ўбачыць маці і дзядулю

Вельмі рада была вызваленню. Асабліва сустрэчы з маці і дзядулем — маімі блізкімі людзьмі. Была ўражаная, што ўсё вакол зялёнае. Бо з камеры я назірала толькі за галінкамі дрэва, і тое было далёка. Бачыла, што яно шэрае. І толькі 4 траўня пакрылася зялёнай дымкай, гэта падбадзёрыла мяне.
Самае цяжкае было ў ізалятары — перажыванні за сваіх блізкіх, за маці. Таксама баялася заразіцца каронавірусам. У мяне была тэмпература, але нядоўга. Неяк лёгка прайшло.

Анастасія Перавошчыкава з маці

Анастасія Перавошчыкава з маці


Нечакана для сябе пачала пісаць вершы

Пакуль была магчымасць — я малявала. Але з першага красавіка ўмовы ўтрымання сталі больш жорсткімі, і ў мяне забралі алоўкі, асадкі і паперу. Выдавалі толькі на кароткі тэрмін — недзе на трыццаць хвілін. Трэба было паспець напісаць ліст маці. Да красавіка я атрымлівала шмат лістоў — па 10-20 у дзень. Пісалі людзі са ўсёй Беларусі. Дайшлі лісты і з ЗША, Нямеччыны, Украіны і Расіі. Але пасля 1 красавіка іх перасталі аддаваць — толькі ад маці атрымлівала. Аддалі пасля вызвалення — іх было два пакункі. Я была вельмі ўражаная — не чакала такой падтрымкі.
Маці пісала вельмі аптымістычныя лісты — пра звычайныя, побытавыя справы. Яны вельмі грэлі душу.
Наогул лісты ў ізалятары маюць вялікае значэнне для чалавека, кожны ліст. Бо там не хапае ўражанняў. Праз лісты ты атрымліваеш іх. Найбольш мне падабалася, калі людзі пісалі розныя жартачкі. Напрыклад, быў ліст з Жодзіна. Там былі такія радкі: «Я з Жодзіна. Цяпер можа здавацца, што гэта кепскае месца, але гэта ўсё фоташоп!»
Нечакана для сябе пачала пісаць вершы... Напрыклад, верш «Ружа на пустцы» звязаны з кнігай «Цёмная вежа» Стывена Кінга. Мне прыйшлі на памяць радкі з кнігі, і нечакана нарадзіўся верш. Я яго прысвяціла сваім блізкім людзям.

Верш Анастасіі Перавошчыкавай, напісаны ў турме

Верш Анастасіі Перавошчыкавай, напісаны ў турме



Няправільна — даваць людзям вялікія тэрміны

Канечне, у ізалятары цяжка сядзець вялікі тэрмін, як і ў турме. Асабліва цяжка для людзей, якія любяць стасункі з іншымі. Псіхалагічна цяжка, але чалавек можа да ўсяго прыстасавацца, прызвычаіцца. Я разглядала разводы на сценах, уяўляла пысы жывёл, фігуры людзей, нешта ўзгадвала — прыемныя месцы, блізкіх. Неяк уяўленне пачынае само сябе займаць.
Я сядзела адзін час з жанчынамі, якія вінаватыя ў тым, што не сплацілі аліменты за дзяцей, якіх забрала дзяржава. Мне здаецца, гэта няправільна ўвогуле — даваць людзям вялікія тэрміны, нават злачынцам. Іх цяжка выцерпець, гэта ж кавалак жыцця! Адна жанчына адседзела ў турме паўтары гады. За гэты час памерла яе маці. Яшчэ раней памер муж, а дзіця забралі ў дзіцячы дом. І вось яна вярнулася ў пустую кватэру...
Мне шкада гэтых жанчын, якія недзе аступіліся. Калі яны ўжываюць алькаголь і не могуць пазбавіцца залежнасці — іх трэба лячыць, неяк дапамагчы ім. А дзяржава забірае дзяцей, «навешвае» на чалавека вялізарны доўг, які ён не можа сплаціць, і потым садзіць у турму.
Гэтыя людзі — яны ў бязвыхадным становішчы, проста загнаныя ў кут. Мне здаецца, калі дзяржава забірае дзяцей — то яна можа іх утрымліваць, за грошы падаткаплацельшчыкаў. А гэтыя сродкі мусяць сплаціць людзі, якія не маюць такіх грошай і ідуць у турму.

Малюнак Анастасіі, зроблены ў турме

Малюнак Анастасіі, зроблены ў турме


Сніла, што вызвалілася, а Гомель — абсалютна пусты, без людзей

У ізалятары пачалі сніцца вельмі яркія сны. Адзін быў такі, што я вызвалілася, іду па Гомелю — а горад абсалютна пусты, няма людзей. Пустыя вуліцы, пустая плошча Леніна. І там залілі каток. І два чалавекі гуляюць у хакей. Пакуль я сядзела, некаторыя мае знаёмыя з'ехалі ў эміграцыю... Сумна. Людзі і раней з'язджалі, цяпер, бачу, яшчэ будуць з'яжджаць.
Я не планую з'язджаць. Тут мая зямля, дом, маці, дзядуля. Я прыкіпела да сваёй радзімы душой.
Дома — родныя сцены, мэбля. Кот Мартын — ён мяне пазнаў, вось цяпер мяўкае. Неяк у ізалятары я забылася, што існуюць такія стварэнні — каты. Потым схамянулася, узгадала, што яны існуюць. Сумавала па свайму кату.
Цяжкавата было, калі з 1 красавіка забралі матрац, коўдру. Нічога не тлумачылі. Было холадна. Я апранала ўсё адзенне на сябе, якое ў мяне было.
Стаўленне канваіраў было адэкватнае. Размоў яны пазбягалі. Перадачы перадавалі. Трэба будзе сплаціць каля 1400 рублёў за ізалятар. Прыемнага, канечне, мала, але куды дзявацца...

Каб не звар’яцець — трэба сябе ўвесь час нечым займаць

Чалавек можа прыстасавацца да розных абставін. Нават з таго, што маеш пад рукой, «дазволенага», можа нешта прыдумаць, стварыць сабе нейкія ўмовы. Ніколі не трэба здавацца — гэта галоўнае. Трэба ставіць мэту, што ўсё будзе добра, і жыць.
Канечне, трывожныя думкі лезуць у галаву. Таму лепш за ўсё быць занятым — камеру прыбіраць, напрыклад. Цяжка, што там мала заняткаў. Я сама сабе пераказвала тыя яркія сны, якія бачыла. Здаецца, гэта нецікавы занятак, але ён мяне захапіў.
Цяпер я дома, прывыкаю да яго. Сёння да мяне прыйшоў дзядуля-ветэран. Ён прыбраўся, для яго маё вызваленне — свята. Будзем святкаваць. 

Насту Перавошчыкаву сустракаюць пасля турмы

Насту Перавошчыкаву сустракаюць пасля турмы