У Карэлічах позва са Следчага камітэта прыйшла 8-гадовай дзяўчынцы

У гарадскім пасёлку Карэлічы Следчы камітэт даслаў позву Пякарскай Ганне Раманаўне. Так завуць дачку Рамана Пякарскага. Ёй 8 гадоў і яна з бацькам зарэгістраваная ў Карэлічах. Раман размясціў фота позвы ў Facebook.

korelichi.jpg

— Я грамадзянін Беларусі, алё з 2007 года жыву за мяжою. Дачка нарадзілася ў 2012 годзе, яна грамадзянка іншай краіны, алё ў Беларусі мае пасведчанне на часовае пражыванне. Зарэгістраваная яна там, дзе і я, у Карэлічах, — распавёў Раман Hrodna.life.

povestka_4.jpg

За каментары ў Telegram супраць Рамана распачалі крымінальную справу, расказаў Раман. Па якім артыкуле, нікому пакуль не сказалі.

— Вось усіх, хто зарэгістраваны па гэтым адрэсе, і выклікаюць на допыт. Павестку прыслалі і майму бацьку, інваліду першай групы. Мая мама ўчора (14 красавіка) хадзіла да іх у СК. Пыталіся пра мяне і сказалі, што прыйдзуць з ператрусам. Вось я ў РБ і не жыву доўга і ўсе пра гэта ведаюць.

Дачка Рамана пастаянна жыве з бацькам у іншай краіне. У Карэлічах яна была толькі некалькі разоў. Позву 8-гадовай дзяўчынцы Раман ацэньвае як «непрафесійную працу супрацоўнікаў». Скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў у Беларусі ён не бачыць сэнсу.

Крымінальная адказнасць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў — практычна за ўсе ўчыненыя злачынствы. За некаторыя злачынствы можна прыцягнуць з 14 гадоў — напрыклад, забойства, разбой, хуліганства. У іншых выпадках адказнасць за дзіця будуць несці бацькі.