У кватэры маці блогера Пятрухіна прайшоў вобшук
У Кобрыні ў кватэры маці затрыманага па крымінальнай справе берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна 26 чэрвеня прайшоў вобшук, паведамляе «Радыё Рацыя».
Вобшук праходзіў з 10.30 да 11.40 паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк. Нічога не знойдзена і не канфіскавана. «Супрацоўнікі міліцыі паказалі сваякам Пятрухіна пастанову аб вобшуку. У ёй фігуравалі тры артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія ставяцца ў віну Сяргею Пятрухіну. Нумары артыкулаў сваякі не запомнілі», — сказаў праваабаронца.
Блогер, які адбываў 15-сутачны адміністрацыйны арышт у ізалятары часовага ўтрымання Кобрыньскага РАУС, 25 чэрвеня быў пераведзены ў менскі цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (1-шы завулак Акрэсціна). «Пра гэта мне ў другой палове дня 25 чэрвеня паведаміў па тэлефоне следчы з Мінска. Як я зразумеў з размовы са следчым, яму нумар майго тэлефона даў Пятрухін, — паведаміў БелаПАН праваабаронца Уладзімір Вялічкін. — Паводле слоў следчага, Пятрухін будзе знаходзіцца на Акрэсціна тры дні, потым яго перавядуць у СІЗА. Таксама следчы паведаміў, што Пятрухін затрыманы па справе Ціханоўскага». «Ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы ад блогераў, якія паказвалі рэальную сітуацыю ў краіне», — лічыць Вялічкін.