У Літву з гуманітарных прычынаў дазволілі ўехаць больш чым 600 беларусам
У Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў дазволена прыбыць 653 беларускім грамадзянам, паведаміла ў панядзелак агенцтва BNS са спасылкай на літоўскае Міністэрства ўнутраных спраў.
Гэтае выключэнне выкарыстоўваецца з 11 верасня. З гэтых асобаў 246 ужо ў Літве, 53 папрасілі прыстанішча.
Такі дазвол міністра ўнутраных справаў выдаецца на падставе матываванай прапановы Мністэрства замежных спраў аб прыездзе іншаземца ў Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў, палітычных абставінаў або іншых пагрозаў. Дазволы выдаюцца пацярпелым ад рэжыму і рэпрэсій грамадзянам Беларусі, актыўным прадстаўнікам апазіцыі.
«Пратэсты ў Беларусі не супакойваюцца ўжо чатыры месяцы, усё больш людзей хочуць прыбыць у Літву, і расце колькасць тых, хто просіць прыстанішча. Мы пастаянна забяспечваем зладжаны працэс выдачы дазволаў з тым, каб у людзей не было перашкод прыбыць туды, дзе яны адчуваюць сябе ў большай бяспецы», — адзначыла часовы міністар унутраных спраў Рыта Тамашунене.
Грамадзяне Беларусі, якія жадаюць прыехаць у Літву з асаблівых гуманітарных прычынаў, павінны звяртацца ў амбасаду Літвы ў Беларусі і падаць інфармацыю, якая пацвярджае наяўнасць адмысловых гуманітарных прычын.
«Радыё Свабода»