У Магілёве на ўнівэрсытэцкі даўгабуд няма грошай. Будынак разбураецца

На завяршэнне шматгадовага будаўніцтва лабараторна-навучальнага корпусу Беларуска-расійскага ўніверсітэту няма сродкаў, паведамляе "Радыё Свабода"

Даўгабуд, схаваны білбордам з карцінкай пра 750-годзьдзе Магілёва

Даўгабуд, схаваны білбордам з карцінкай пра 750-годзьдзе Магілёва

Яго пачалі ў 1993 годзе. Даўгабуд за трыста метраў ад аблвыканкаму. Будоўля замарожаная.

Тое, што на корпус няма фінансавання, вынікае з адказу старшыні Магілёўскага гарсавету Сяргея Іванова на калектыўны зварот магілёўцаў.

 «Мы патрабуем неадкладна зрабіць захады для завяршэнні будаўніцтва лабараторна-навучальнага корпусу, а не займацца адпіскамі і гаварыльняй», — адзначана ў лісце да гарсавету.

 Фінансаванне будаўніцтва ўніверсітэцкага корпусу, як адпісаў Іваноў, ідзе з агульнадзяржаўнага бюджэту. Сродкі з гарадскога бюджэту ў 2017 годзе, паводле Іванова, ішлі на абʼекты, «не менш сацыяльна значныя для гараджан»: на будаўніцтва дзіцячага садку ды рэканструкцыю двух бальнічных карпусоў.

Пашпарт абʼекту пачарнеў у чаканні завяршэння будаўніцтва

Пашпарт абʼекту пачарнеў у чаканні завяршэння будаўніцтва

Пра перспектывы фінансавання і тэрміны завяршэння будаўніцтва ў лісце не гаворыцца. У пашпарце абʼекту напісана, што будаўнічыя працы мелі скончыцца ў 2014 годзе.

У адміністрацыі Беларуска-расійскага ўніверсітэту пацвердзілі, што лабараторна-навучальны корпус патрэбны навучальнай установе, і выказалі спадзеў, што «ён будзе дабудаваны». Канкрэтызаваць, калі ж скончыцца будаўніцтва, не сталі.

 «Нядаўняя трагедыя можа паўтарыцца»

 Подпісы магілёўцаў пад зваротам да чыноўнікаў збіраў актывіст прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Аляксей Паўлоўскі. Ён не адзін год намагаецца прыцягнуць увагу ўладаў да даўгабуду ў цэнтры гораду. Кожны раз яму адпісваюць, што няма грошай.

 Гэтым разам актывіст спаслаўся на заяву Лукашэнкі пра неабходнасць «разабрацца» з даўгабудамі. У адміністрацыю кіраўніка дзяржавы прафсаюзнік таксама адправіў ліст, але адказу адтуль няма.

 «Чыноўнікі сляпыя ды глухія і не хочуць заўважаць таго, што творыцца ў іх пад носам. Чаму?» — запытаўся Паўлоўскі ў Лукашэнкі.

 Сцены ўніверсітэцкага корпусу не атынкаваныя, жалезныя канструкцыі не ізаляваныя, вокны не зашклёныя. Адхоны пляцоўкі абвальваюцца

 У інтэрв’ю “Радыё Свабода” Аляксей Паўлоўскі адзначыў, што недабудаваны ўніверсітэцкі корпус разбураецца. На думку будаўніка з шматгадовым стажам, вылучаныя на кансервацыю абʼекту грошы ўжытыя нерацыянальна. Сілікатныя блокі, кажа ён, не атынкаваныя, а металічныя канструкцыі не ізаляваныя. Гэты абʼект становіцца сацыяльна небяспечным, лічыць актывіст, і нагадвае пра трагедыю з недабудаваным прыватным домам, якая забрала жыцці дваіх дзяцей.

 «Тое ж можа адбыцца і на пляцоўцы ўніверсітэцкага корпусу, — засцерагае Паўлоўскі. — Яна хоць і агароджаная, але доступ для дзяцей і падлеткаў на яе ёсць».

 www.svaboda.org