У Магілёве пачалі судзіць журналіста Алеся Асіпцова. Ён трымае галадоўку. Абноўлена
Суд у Магілёве над журналістам Алесем Асіпцовым пачаўся 12 траўня каля 9.30. Асіпцоў трымае галадоўку ад 9 траўня.

Суддзя бяз маскі
Пазаштатны карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў быў затрыманы за нібыта адміністрацыйнае правапарушэньне, але за якое, не было вядома да самага суду.
На працэс не пусьцілі дачку журналіста Яніну і актывістаў, якія прыйшлі яго падтрымаць.
Суд адбываецца ў кабінэце судьдзі, быццам усе залі занятыя і ў сувязі з эпідэміялягічнай сітуацыяй. Сама суддзя была бяз маскі.
Асіпцоў перад судом распавёў, што яго затрымалі, калі ён фатаграфаваў людзей, якія зьбіраліся зладзіць акцыю «Антыпарад».
Паводле журналіста, да яго падышоў міліцыянт і паведаміў, што ён мусіць прайсьці зь ім, бо на яго заведзеная адміністрацыйная справа. Пазьней Алесь Асіпцоў даведаўся, што справу супраць яго завялі за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Алесь Асіпцоў віны не прызнае: ён заяўляе. што працаваў на той сустрэчы як журналіст. Паводле Асіпцова, яго везьлі ў аддзел міліцыі з парушэньнем нормаў санітарыі, ён выказваў пратэст, а потым абвясьціў галадоўку.
З 21.00 9 траўня Алесь Асіпцоў на знак пратэсту не прымае ежу, у судзе ён сказаў, што адчувае сябе блага. Аспіцоў дадаў, што максымальнае пакараньне яму толькі дадасьць гучнасьці гэтай незаконнай, на яго думку, справе. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва Асіпцова і ягонага адваката аб правядзеньні працэсу ў судовай залі.

Журналіст Алесь Асіпцоў знік пасля акцыі “Антыпарад” у суботу, 9 мая, і дадому не вярнуўся.
Як распавяла журналістка з Бабруйску Марына Маўчанава, з самай раніцы Алесь быў з ёй на сувязі, яны сазваніваліся і распавядалі адзін аднаму, што дзе ў горадзе адбываецца. У 12.38 Марына чарговы раз яму патэлефанавала. Асіпцоў распавёў, што сеў у машыну да ўдзельнікаў акцыі і яны разам недзе ездзяць па горадзе. А ўжо праз некаторы час калегі журналіста пачалі пісаць, што ён не выходзіць на сувязь.

Алесь Асіпцоў — пазаштатны карэспандэнт “БелаПАН”. Жыве ў Магілёве. У Бабруйск прыехаў асвятляць акцыю аўтамабілістаў “Антыпарад”, якая планавалася на Дзень перамогі.
Падчас “Антыпараду” затрымалі каля 20 чалавек — удзельнікаў акцыі. Вечарам іх сталі адпускаць, але ці ўсе выйшлі на волю — дакладна невядома.
Паводле калегаў Асіпцова, і яны, і ягоная жонка ўчора тэлефанавалі ў бабруйскія УУС і РАУС, а таксама ў ДПС, там не далі ніякай дакладнай інфармацыі пра Алеся, а жонцы параілі пісаць заяву аб знікненні.Толькі каля 19 гадзіны вечара жонцы журналіста афіцыйна паведамілі, што Алесь Асіпцоў сапраўды знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Магілёве. Прычыну не патлумачылі.
Алесю Асіпцову суддзя Наталля Ясенка прысудзіла 10 сутак арышту. Журналіст заявіў, што мае намер працягваць галадоўку пратэсту.
baj.by