Журналіста Змітра Лупача выпісалі з рэанімацыі, але ў панядзелак зноў адправяць на суткі
Глыбоцкага журналіста-фрылансера Змітра Лупача сёння, 13 траўня, выпісалі з лякарні. Ён трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне пасля пасяджэння суда, якое адбылося над ім 11 траўня. Двое сутак лекары назіралі за станам яго здароўя, хваляваліся за тое, каб не здарыўся інфаркт.

Зміцер Лупач, архіўнае фота
Па словах Змітра Лупача, яму зрабілі аналізы, каардыяграму і УГД сэрца, а таксама здымак лёгкіх. Каардыяграма паказала захворванне сэрца. Цяпер яму ўжо лепш.
– Стан нармальны. Спачатку думалі, што ў мяне быў інфаркт. Але яго не было. Параілі знайсці спакойную працу. Не ведаю, накшталт вартаўніка.
Паводле Змітра Лупача, калі ляжаў у лякарні, міліцыянтаў там побач ён не бачыў, і пры выпісцы таксама. Ужо пазней маёр міліцыі Сяргей Цырбан, які складаў на яго пратаколы, прыехаў да яго дадому.
– Сёння, аказваецца, суд вынес пастанову. Мне смс прыслалі, што выкананне прысуду адтэрмінавалі да панядзелка. Я вось цяпер падпісаў паперу. Яны прыехалі і папрасілі, каб я спусціўся. Уручылі пастанову суда і распіску я падпісаў, што прыйду сам дабравольна.
Нагадаем, 11 траўня суддзя Глыбоцкага суда Дзмітрый Тарасевіч пакараў Змітра Лупача 10 суткамі арышту і 45 базавымі велічынямі штрафу. Судзілі журналіста па двух артыкулах – частцы 2 артыкула 22.9 КаАП за сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра рамонт Глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу і па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП за сутрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Падчас яе журналіст выказваў на камеру блогера сваё меркаванне пра жыццё ў Беларусі, у прыватнасці, у Глыбокім.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя