У Магілёве праз палітыку звольніўся геніяльны гадзіннікавы майстар
Генадзь Галоўчык працаваў у Музеі гісторыі Магілёва, абслугоўваў гадзіннік на Ратушы. Больш такіх у Магілёве, (а можа, і ва ўсёй Беларусі) няма.
Сам ён родам з Белаазерска, а ў Магілёў прыехаў вучыцца ў Машынабудаўнічы інстытут, пасля працаваў галоўным інжынерам завода «Протас». У Магілёве абзавёўся сям’ёй, але жыць не было дзе.
І тады спадар Галоўчык звярнуўся да мясцовых улад з прапановай: калі адрамантуе гадзіннік на Тэатральнай плошчы ў Магілёве, то хай яму выдзеляць інтэрнат. Той гадзіннік запусцілі яшчэ напрыканцы 1960-х, а потым на доўгія дваццаць гадоў ён спыніўся, і ніхто не мог даць рады гэтаму механізму.
З заданнем малады інжынер справіўся, кажа, што так і пачалося яго хобі: вежавыя гадзіннікі. Агулам спадар Галоўчык зрабіў сем такіх гадзіннікаў. Былі працы і ў Расіі, і ва Украіне. А цяпер чакае чаргі гадзіннік лютэранскай кірхі ў Гродне.
Але найбольшае дасягненне майстра — гэта, вядома, гадзіннік на Ратушы ў Магілёве. «Калі яшчэ ў 1992 годзе былі размовы пра аднаўленне Ратушы, тэрыторыю асвячаў епіскап Максім, то тады яшчэ сказаў, што зробіць тут гадзіннік». Насамрэч жа працы па аднаўленні Ратушы пачаліся толькі ў 2007 годзе, з гэтага часу пачалася і праца над гадзіннікам.
«Гэта абсалютна ўнікальны механізм, больш такіх няма, — з гонарам кажа майстар. — Там ёсць таблічка ў гонар маёй мамы, а таксама надпіс, што наша жыццё скончыцца раней, чым адна стрэлка зробіць чвэрць абарота. Справа ў тым, што яна робіць абарот раз на пяцьсот гадоў».
Кажуць, што чарцёж гадзінніка Генадзь Галоўчык знішчыў, калі скончыў працу.
«Мне стала некамфортна працаваць пасля 9 жніўня. З музея звольнілі дырэктара Аляксея Бацюкова, і ў мяне больш няма жадання працаваць на гэтую ўладу. Нам кажуць, што музей па-за палітыкай, але палітыка пачынаецца, калі ты бярэш бюлетэнь і ўдзельнічаеш у выбарах. А тым больш, калі цябе падманваюць», — кажа спадар Галоўчык.
Для яго напісаць заяву на звальненне было цяжкім крокам, бо, з аднаго боку, знаходзіцца на дзяржаўнай службе ў такіх умовах ужо не мог, а з іншага — як кінуць працу, у якую ўклаў столькі намаганняў і душы?
«Можа, знойдзецца ў Магілёве яшчэ адзін майстар, які не закіне справу на волю лёса. Ратуша заўжды была сімвалам свабоды, працаваць без свабоды тут цяжка», — кажа Генадзь Галоўчык.
Майстар упэўнены, што без працы ён не застанецца, варыянтаў хапае і цяпер.
nn.by