У Магілёве шукаюць зламыснікаў, якія аблілі фарбай памятны знак

Магілёўская міліцыя распачала пошук зламыснікаў, якія 19 лістапада аблілі чорнай фарбай памятны знак «У памяць пра габрэяў — ахвяраў нацызму». Калі быў учынены акт вандалізму, дакладна не вядома. Першыя здымкі з аблітым помнікам з'явіліся ў сацыяльных сетках пасля 20 гадзінаў.

ac11cb48_703c_4d4d_8f16_e5613e71a7e4_w987_r1_s.jpg


Познім вечарам былі апытаныя тыя, хто выклікаў міліцыю на месца правапарушэння. Паводле супрацоўнікаў Следчага камітэту, бліжэйшымі іхнымі дзеяннямі будзе прагляд відэазапісаў з камэраў назірання, што ўсталяваныя на будынку абласной філармоніі.
Актывісты габрэйскай грамады Магілёва пра здарэнне паведамілі ў амбасаду Ізраілю, ад каментароў пакуль устрымліваюцца.

bcf4707d_c2c3_4f09_b110_b97250d2986c_w610_r0_s.jpg


Непадалёк ад будынка філармоніі знойдзены бак з фарбаю. У дзённым святле вонкава яе колер супадае з колерам той фарбы, якою аблілі памятны знак.


У 2012 годзе памятны знак, усталяваны ў памяць пра расстраляных нацыстамі нявольнікаў магілёўскага гета, ужо аблівалі фарбай. Тады зламыснікам, паводле міліцыі, аказаўся бомж. Ён, нібыта, знайшоў слоік з фарбай, паставіў яго на памятны знак, каб агледзіць змесціва і фарбу разліў.
Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі на вуліцы Лазарэнкі ў 2008 годзе. На яго месцы ў жніўні 1941 году нацысты збіраліся зрабіць уваход у гета, але ў кастрычніку яны забілі зняволеных габрэяў. З дзесяці тысяч ацалелі адзінкі.
Сродкі на памятны знак габрэі збіралі талакой.
Паводле Радыё Свабода