У Мазыры некалькі дзясяткаў чалавек выйшлі пратэставаць ля помніка Леніну
У Мазыры на плошчу Леніна 18 сакавіка выйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць сваё незадавальненне "дармаедскім" дэкрэтам № 3, эканамічнай сітуацыяй у горадзе і краіне.
Адзін з удзельнікаў стыхійнага сходу паведаміў:
«Ідзе дождж, мокры сьнег, але гараджане пакуль не сыходзяць. Уголас абураюцца цяжкім станам жыцьця, скарачэньнямі на прадпрыемствах, нізкімі заробкамі».
Да людзей падыходзіў намеснік начальніка РАУС, папярэджваў, што сход незаконны. Аднак людзі працягваюць стаяць каля помніка «правадыру ўсясветнай рэвалюцыі Ульянаву-Леніну».
Два дні таму міліцыя афіцыйна папярэдзіла мясцовага актывіста Рыгора Крывіцкага, каб ён не выходзіў на плошчу. Пенсіянэр «засвяціўся» тым, што падаў заяўку ў Мазырскі райвыканкам на пікет на 26 сакавіка. Сам заяўнік прыйшоў на некалькі хвілін на плошчу, расказаў пра папярэджанне і сышоў.
Па звестках відавочцаў, траса Кобрын-Гомель напоўнена экіпажамі патрульных машын ДАІ. Стаяць яны на ўездах у Мазыр, у Рэчыцу.
Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі распавёў, што ягоную аўтамашыну дзяржаўтаінспектары ДАІ (бартавы нумар 407) дагналі на трасе з уключанай мігалкай прыкладна праз дзесяць кіламетраў ад абласнога цэнтру.
«Казалі нешта няўцямнае пра няправільны абгон, патрабавалі адчыніць багажнік. Я не супраць, але толькі з панятымі. З напарнікам мы ехалі ў Рэчыцу, цяпер сядзім у машыне, чакаем панятых. Побач і экіпаж ДАІ», — паведаміў Кастусь Жукоўскі.
Раней на трасе блізу Рэчыцы ДАІ спыніла аўтамашыну журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай. Яе аўтамабіль правяраюць на прадмет угону.
svaboda.org