Затрыманні актывістаў у Баранавічах
У Баранавічах, дзе на 19 сакавіка была анансавана акцыя пратэсту, зранку пачаліся затрыманні мясцовых актывістаў.
На выхадзе з дому раніцай 19 сакавіка затрыманы баранавіцкі актывіст прафсаюзу РЭП Рыгор Грык.
Пра затрыманне ён паспеў паведаміць праваабаронцу «Вясны» Сяргею Гоўшу, які распавёў Свабодзе:
«Ён паспеў мне паведаміць, што захоп здзейсьнілі маёр Баранавіцкага ГАУС Кучэнка Антон Аляксандравіч і Патоцкі Руслан Віктаравіч па загадзе кіраўніцтва ГАУС».
Грыка ўжо затрымлівалі прэвентыўна ў дзень акцыі «недармаедаў» у Мінску 15 сакавіка. Тады Грык цэлы дзень правёў у міліцыі «на размове» з маёрам.
Пазней міліцыя затрымала грамадcкага актывіста, індывідуальнага прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса (старэйшага), перадае БелаПАН.
Як паведаміў Чарнавус агенцтву, каля 12.30 на рынак, дзе ён працуе, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і заявілі, што павінны суправадзіць яго ў гарадскі аддзел унутраных спраў.
«15 сакавіка мне ўручылі позву, што я павінен з'явіцца ў Баранавіцкі ГАУС 19 сакавіка ў 15.00 у якасці сведкі, — сказаў Чарнавус. — Міліцыя вырашыла, што я павінен быць там раней. Гэта зроблена для таго, каб ізаляваць мяне на час плануемай сёння ў Баранавічах пратэстнай акцыі».
Мікалай Чарнавус прадбачыў такое развіццё падзей і загадзя падрыхтаваў праект рэзалюцыі. Найбольш актуальным пытаннем мясцовага ўзроўню з'яўляецца "як наогул магчыма, што начальнік міліцыі прызначыў на пасаду начальнікам ДАІ "п'яніцу-забойцу", які да гэтага часу працуе на сваёй пасадзе?".
.
Пасля завяршэння акцыі "недармаедаў" на плошчы Леніна ў Баранавічах, праваабаронца Сяргей Гоўша паведаміў, што абодва затрыманыя па-ранейшаму застаюцца ў аддзяленні міліцыі.