У Баранавічах затрыманы Рыгор Грык
На выхадзе з дому раніцай 19 сакавіка затрыманы баранавіцкі актывіст прафсаюзу РЭП Рыгор Грык.
Пра затрыманьне ён паспеў паведаміць праваабаронцу Сяргею Гоўшу. Той распавядае:
«Ён паспеў мне паведаміць, што захоп здзейсьнілі маёр Баранавіцкага ГАУС Кучэнка Антон Аляксандравіч і Патоцкі Руслан Віктаравіч па загадзе кіраўніцтва ГАУС».
Праваабаронца мяркуе, што затрыманьне Грыка можа быць звязанае з анансаванай акцыяй пратэсту ў Баранавічах, якая мае адбыцца а 16 гадзіне.
Грыка ўжо затрымлівалі прэвэнтыўна ў дзень акцыі «недармаедаў» у Мінску 15 сакавіка. Тады Грык цэлы дзень правёў у міліцыі «на размове» з маёрам.
Тэлефон Рыгора Грыка цяпер не адказвае.
Паводле svaboda.org