У міліцыянераў і супрацоўнікаў КДБ забіраюць пашпарты?

Паводле звестак найстарэйшай у Беларусі «газеты з карцінкамі», прызнанай уладамі «экстрэмісцкай», пачасціліся выпадкі адбірання пашпартоў у супрацоўнікаў сілавых структур.

dokumenty_1.jpg


Новыя біяметрычныя пашпарты выдаюць разам з ID-карткай, якой хапае для ідэнтыфікацыі асобы ўнутры Беларусі, а таксама для вырашэння побытавых праблемаў, такіх як наведванне паліклінікі ці атрыманне крэдыту.

Як распавялі выданню некаторыя супрацоўнікі міліцыі, цяпер тыя з іх, хто атрымлівае новыя пашпарты (пераважна гэта датычыць афіцэрскага складу), абавязваюцца здаваць іх начальніку.

«Да таго праз тое ж самае прайшлі спецслужбы, цяпер працэсы ідуць у міліцыі, далей, напэўна, чарга вайскоўцаў. Цяпер, каб выехаць за мяжу, трэба пісаць рапарт і на выезд, і на атрыманне пашпарта, знянацку больш, як Лупаносаў, за мяжу ўжо не выедзеш», — расказвае афіцэр.

«Усё гэта тлумачыцца клопатам пра супрацоўнікаў. Маўляў, гэта мы вас не ў рабства бяром, гэта мы вас, дурных, страхуем ад глупстваў: вось выедзеце вы недзе, а вас там возьмуць у палон, будуць катаваць, завярбуюць, пасадзяць. Так што яшчэ будзьце ўдзячныя», — дадае афіцэр.

У папярэднія два гады Беларусь пакінула шэраг старэйшых афіцэраў (напрыклад, былыя супрацоўнікі ГУБАЗіКу Міхаіл Лупаносаў і цяперашні прадстаўнік BYPOL Аляксандр Азараў), якія далучыліся да дэмакратычнага руху.

Варта зазначыць, што нядаўна КДБ ініцыяваў прыняццё закона, па якім могуць не выпусціць за мяжу тых грамадзян краіны, чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».