У мінскай бальніцы загарэўся блок падачы кіслароду. Уключылі рэзервовую сістэму
Сёння раніцай здарыўся пажар на тэрыторыі Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі на Кіжаватава, 58. Загарэўся камутацыйны блок падачы кіслароду, які знаходзіцца ў асобным будынку кіслароднай станцыі.
Узгаранне ліквідавана супрацоўнікамі МНС. Пацярпелых няма. Агонь пашкодзіў запорную арматуру, паведамляе onliner.by.
«Падача кіслароду ў аддзяленні бальніцы была пераключаная на рэзервовую сістэму, — піша тэлеграм-канал Мінгарвыканкама. — У цяперашні час сістэма медыцынскага газазабеспячэння ў установе аховы здароўя функцыянуе ў штатным рэжыме».
Прычына пажару пакуль невядомая.