У мінскім гандлёвым цэнтры Арэна-Сіці абвалілася столь, ёсць пацярпелыя
У мінскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці» абвалілася столь. Пра гэта паведаміў карэспандэнт «Нашай Нівы», які стаў відавочцам падзей.

Адна дзяўчыну вынеслі на руках, але яна ў прытомнасці. Другую заваліла так, што яна апынулася пад лаўкай. Але ў выніку змагла сысці на сваіх нагах.
Пацярпелі крама кветак і пункт продажу аксэсуараў для мабільнай сувязі.


Усё пачалося з левага крыла гандлёвага цэнтра. Спачатку пачуўся грукат, нібыта ідуць нейкія будаўнічыя працы. Затым паляцелі кавалкі столі і пачуўся жаночы крык.
Столь падала кавалкамі: гэта гіпсакартон на алюмініевых канструкцыях. Першыя кавалкі ўпалі на дзяўчыну ў кветкавай краме. Яе прываліла, але калі стала зразумела, што абрынулася ўжо ўсё, што магло, наведнікі дасталі дзяўчыну з-пад завалаў. Яна была ў шоку, казала, баліць нага і рэбры.


Заваліла яшчэ адну дзяўчыну. Але ёй пашанцавала больш — яна залезла пад лаўку, калі пабачыла, што са столі падаюць кавалкі.
Цяпер на месцы працуюць ратавальнікі, дактары і міліцыя.
У МНС карэспандэнту «НН» паведамілі, што абрынулася каля 150 квадратных метраў перакрыцця.

