У Мінску АМАП выціснуў людзей з праспекта Незалежнасці, ідуць затрыманні
Увечары 19 чэрвеня ў Мінску АМАП выціснуў з праспекта Незалежнасці ўдзельнікаў ланцуга салідарнасці.

Людзі мірна стаялі на тратуары, пасля яны былі каля філармоніі, дзе сёння апошні дзень збіралі подпісы. Сілавікі папярэджвалі пра незаконнае масавае мерапрыемства. Пад'ехалі аўтазакі. Пачаліся затрыманні паведамляе «Еўрарадыё».
У Мінску людзей хапаюць і цягнуць у аўтазакі, паведамляе «Свабода». Затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Вольгі Кавальковай Юрыя Палейку. Вольгу Кавалькову папярэджваюць, што яна наступная.
Падчас стрыму была затрымана журналістка Радыё Свабода Аляксандра Дынько, а праз некалькі хвілін — аператар.
У 20.10 праспект Незалежнасці ў раёне плошчы Якуба Коласа практычна расчысцілі, людзей амаль няма. Частку людзей затрымалі, астатнія разышліся, паведамляе «Свабода».
Журналістаў Еўрарадыё Марыю Вайтовіч і Арцёма Маёрава затрымалі падчас сённяшняга хапуна, паведамляе Еўрарадыё. Яны нічога не парушалі, проста рабілі сваю працу.
У Магілёве затрымалі журналіста tut.by Анжаліку Васілеўскую, а таксама незалежнага журналіста Сабалеўскага, у Бабруйску затрымалі журналістку Алесю Лацінскую, паведамляе baj.by. Затрымана журналістка Белсат Ірына Арахоўская.
Аляксандра Дынько і Андрэй Рабчык вызвалены, напісаў у фэйсбуку Алесь Пілецкі.