У Мінску міліцыя ўжыла супраць пратэстоўцаў святлашумавыя гранаты і гумовыя кулі. Ёсць пацярпелыя (відэа)
Сілавікі разганялі пратэстоўцаў, якія падышлі да Палацу незалежнасці, святашумавымі гранатамі. Вядома пра пацярпелых, паведамляе «Свабода».

Адразу ў некалькіх месцах на вуліцы Арлоўскай у Мінску былі чутны выбухі.
Міліцыя выставіла кардон каля будынку Цэнтральнага РУУС. Калі прастэстоўцы паспрабавалі яго абысці, але іх закідалі святлашумавымі гранатамі.
Карэспандэнт «Нашай Нівы» перадае з месца пра аднаго пацярпелага, якому ашкепкамі гранаты пашкодзіла нагу. Яму дапамаглі выйсці з небяспечнай зоны.
Проста пад нагамі дзяўчыны выбухнула іншая граната. Пра яе стан пакуль нічога невядома. Выбухамі пашкоджанае шкло ў жылым доме.
Таксама моцныя выбухі і яркія ўспышкі каля Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Маці і дзіця». Людзі разбягаюцца па бліжэйшых дварах, іх пераследуюць экіпаваныя сілавікі.
Сведкі паведамляюць, што невядомыя ў балаклавах кінулі з мікрааўтобусу проста ў калону людзей невядомы снарад. Ён не выбухнуў, а толькі задыміўся.
Карэспандэнт расійскай «Новой газеты» зафіксаваў выкарыстанне гумовых куль і прынамсі аднаго параненана імі.
У мінскай міліцыі пацвердзілі выкарыстанне святлашумавых гранат, заявіўшы, што спецсродкі былі ўжытыя дзеля «спынення супрацьпраўных дзеянняў» пратэстоўцаў.
Відэа "Белсат"