У Мінску на беларускай мове навучаюцца толькі 2% школьнікаў
У 15 установах агульнай сярэдняй адукацыі Мінска вучні займаюцца на беларускай мове. Такую лічбу агучылі падчас прэс-канфэрэнцыі ў дзяржаўным агенцтве БелТА, паведамляе «Свабода».
Намесніца старшыні камітэта адукацыі Мінскага гарвыканкама Ірына Чарняўская ўдакладніла, што гаворка прыкладна пра 4 тысячы дзяцей рознага ўзросту.
Паводле яе словў, у 5 сталічных гімназіях увесь працэс
навучання цалкам арганізаваны на беларускай мове. У 10 сярэдніх школах такое
навучанне адбываецца ў асобных класах.
«Усяго такіх класаў у Мінску 171. Гэта каля 4 тысяч дзяцей»,
— расказала чыноўніца.
Згодна з апошнімі апублікаванымі Белсатам звесткамі (за
2018-2019 навучальны год), у Мінску ў 278 школах вучыліся больш за 200 тысяч
дзяцей.
Міністэрства адукацыі запэўнівае, што ў Беларусі падручнікі
на роднай мове выдаюцца ў неабходнай колькасці на запыт устаноў адукацыі.
Бацькі ў суполках наракаюць на штучныя бар’еры з адкрыццём не тое што беларускіх школ, а асобных беларусамоўных класаў.