У Мінску прайшло жалобнае шэсце ў Лошыцкі яр
Узгадаць ахвяраў сталінскага тэрору на месцы растрэлу прыйшло некалькі дзесяткаў чалавек.
Традыцыйнае шэсце прайшло пад эгідай КХП-БНФ паводле папярэднім узгадненнем з гарадскімі ўладамі: сілавікі дэманстрантаў не чапалі. Само шэсце, нажаль, нагадвала вузкапартыйнае мерапрыемства: падобна, што некалькі дзесяткаў чалавек збольшага ведалі адзін аднаго, а іншыя апазіцыйныя структуры да акцыі не далучыліся.
Агулам калона прайшла адлегласць ад ДК «Лошыцкі» да самога растрэльнага яру, якая склала каля кіламетру. Удзельнікі неслі бел-чырвона-белыя сцягі ды некалькі расцяжак, час-почас спявалі патрыятычныя песні ды гукалі «Жыве Беларусь!» Зрэдку з праспекту ў адказ сігналілі машыны.
На месцы растрэлу выступілі функцыянеры КХП БНФ ды зачыталі традыцыйны зварот лідэра партыі Зянона Пазняка. У звароце ішлося пра «балванаў ленінаў ды калініных, якія маюць быць знесеныя» ды пра гісторыю адкрыцця яру Пазняком у 1980-я.
Нагадаем, што ў Лошыцкім яры НКУС растрэльвала вязняў у 1930-я. Аднак, у адрозненні ад Курапатаў, у Лошыцы не ўдалося правесці поўнавартасных археалагічных даследванняў, таму месца куды менш вывучанае ды вядомае. У якасці знаку памяці па расстраляных у яры стаіць крыж, спавіты рушніком.