У Мінску створаная Нарада даследчыкаў камуністычнага тэрору
«Пакуль ахвяры тэрору ляжаць у зямлі забытыя, пакуль кроў нявінна забітых нема крычыць да Госпада — гэтая краіна і гэты народ асуджаны вяртацца да пачвараў камунізму», — сказаў Павел Севярынец.
![1571041666_72334716_2369510303365046_639509682502762496_n.jpg 1571041666_72334716_2369510303365046_639509682502762496_n.jpg](/img/v1/images/1571041666_72334716_2369510303365046_639509682502762496_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Каля дваццаці чалавек, якія займаюцца ушанаваннем памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору з розных гарадоў Беларусі (Мінск, Віцебск, Магілёў, Ворша, Барысаў, Баранавічы, Лагойск) падзяліліся досведам, распавялі пра крыжы і помнікі, усталяваныя на месцах расстрэлаў па ўсёй Беларусі — і дамовіліся праводзіць сталыя сустрэчы дзеля каардынацыі працы і стварэння агульнай базы звестак ахвяраў чырвонага тэрору.
Сустрэчу на сядзібе Незалежнага прафсаюза РЭП
ініцыяваў і вёў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Дамовіліся аб'яднаць высілкі, распрацаваць агульную метадычку для збору і
захавання звестак пра ахвяраў камунізму, стварыць агульную электронную базу
рэпрэсаваных, скаардынаваць працу па архівах, распрацаваць агульнабеларускія
маршруты экскурсіяў, выставы, каляндар падзеяў.
— Вялікая праца на гады і дзесяцігоддзі атрымала новы штуршок, — сказаў у інтэрв’ю прэс-службе БХД Павел Севярынец. — Упэўнены, што супольная праца ўрэшце прывядзе да стварэння Беларускага інстытута нацыянальнай памяці з філіямі і музеямі па гарадах і мястэчках, да сістэмы пошуку сваіх рэпрэсаваных сваякоў, да яснай свядомасці народа. Бо пакуль ахвяры тэрору ляжаць у зямлі забытыя, пакуль кроў нявінна забітых нема крычыць да Госпада — гэтая краіна і гэты народ асуджаны вяртацца да пачвараў камунізму.
Наступная нарада запланаваная на студзень 2020 года.