У Мінску затрыманая выкладчыца МДЛУ. Цяпер яна на Акрэсціна
У Мінску затрыманая выкладчыца МДЛУ. Валерыя Крамянеўская трапіла ў рукі сілавікоў 13 жніўня каля Мінскага раённага суда, дзе разглядаюць справу Марыі Калеснікавай і Максіма Знака. Па дадзеных тэлеграм-канала валанцёраў, цяпер 23-гадовая дзяўчына знаходзіцца на Акрэсціна.
У 2021 годзе Валерыя Крамянеўская скончыла магістратуру. У
лінгвістычным універсітэце яна выкладае рускую мову як замежную.
Прадстаўнікоў выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыю
Калеснікаву і Максіма Знака пачалі судзіць 4 жніўня. Працэс зрабілі закрытым.
Справу разглядае суддзя Сяргей Епіхаў.
Калеснікаву і Знака абвінавачваюць па трох артыкулах
Крымінальнага кодэксу. Ім інкрымінуюць змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады,
заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы
краіны, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання. Па гэтых абвінавачаннях ім
пагражае да 12 гадоў турмы.
Паводле «Еўрарадыё».