У МУС пракаментавалі тое, што здарылася на базе адпачынку каля Смалявічаў
Было затрымана 68 чалавек.

«Учора ўвечары супрацоўнікі міліцыі спынілі несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаннем БЧБ-сімволікі: пад выглядам музычнай вечарыны на аздараўленчай базе каля Смалявічаў сабраліся актывісты дэструктыўных телеграм-каналаў». Так у телеграм-канале пракаментавала прэс-служба МУС затрыманні на базе адпачынку «Аганёк» у Смалявіцкім раёне.
Усяго, па дадзеных ведамства, было затрымана 68 чалавек, у тым ліку непаўналетніх. На дарослых складзеныя пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, а ў дачыненні да бацькоў затрыманых падлеткаў праводзіцца праверка па факце невыканання імі абавязкаў па выхаванні дзяцей.
На дадзены момант дзесяць чалавек адпусцілі (непаўналетніх і тых, у каго на ўтрыманні малалетнія), з астатнімі праводзіцца разбіральніцтва.
У МУС паведамілі, што ўдзельнікі «канцэрта» ўжывалі спіртное, адна з дзяўчын магла знаходзіцца ў наркатычным ап'яненні (дастаўлена на медасведчанне).
Нагадаем, вечарам 13 лютага на базе адпачынку «Аганёк» у Смалявіцкім раёне затрымалі мясцовых жыхароў, якія прыйшлі на канцэрт, а таксама ўдзельнікаў беларускіх гуртоў РСП ( «Разбітае сэрца пацана»), Panska Moc і Ok-Band, спявачку Валерыю Суравіцкую (LEAR) .