У Наваградку людзі замест экскурсіі патрапілі ў міліцыю

У суботу днём у Наваградку павінна была прайсці экскурсія пра гісторыю навагрудскіх татар. Але яна так і не пачалася — усіх удзельнікаў экскурсійнай групы павезлі ў міліцыю.

novogrud.jpg

Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведаміў пра затрыманне 10 чалавек у Наваградку, якія прыйшлі на экскурсію, мясцовы работнік музея удакладняе - у міліцыю забралі каля 14-15 чалавек.
 Яны прыйшлі ў музей, аплацілі экскурсію па горадзе — хацелі паслухаць гісторыю навагрудскіх татар. А другой гадзіне супрацоўніца музея Анастасія Грыцкевіч выйшла да групы на плошчу, але ёй не далі нават пачаць экскурсію. Групу акружыла міліцыя, — распавядае яе калега, супрацоўніца Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Гэтая група людзей звычайна прыходзіць на экскурсію па нядзелях, але ў гэты раз замовілі паслугу на суботу, кажуць у музеі, удакладніўшы, што ўдзельнікі групы не махалі сцягамі і не былі ніяк пазначаныя.
— Экскурсавода не забралі. Яна праз некалькі хвілін [пасля выхаду да групы] прыйшла ў музей, папрасіла касіра вярнуць грошы, таму што экскурсія не адбылася, аднесла іх групе. Людзей нейкі час трымалі на плошчы, пакуль ім не вярнулі грошы за экскурсію, а потым павезлі ў РАУС.
Праз некалькі гадзін некаторых затрыманых пачалі адпускаць. Па дадзеных на 18 гадзін, з міліцыі выйшлі як мінімум чацвёра мясцовых жыхароў. Вядома, што на ўдзельнікаў экскурсіі складалі пратаколы апытання асобаў, якія падазраюцца ў здзяйсненні адміністрацыйнага парушэння.
Гэта не першае затрыманне ўдзельнікаў экскурсіі ў Наваградку. 31 студзеня падчас нядзельнай экскурсіі па горадзе затрымалі сертыфікаванага экскурсавода і стваральніцу Музея габрэйскага супраціву ў Наваградку, а таксама супрацоўніцу Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамару Вяршыцкую і былога дырэктара мясцовай гімназіі 72-гадовага Аляксандра Быстрыка, які да экскурсіі так і не дайшоў.
tut.by