У Оршы абвясцілі тэндэр на дэмантаж ужо знесенага музея Заслонава (фота)
Упраўленне капітальнага будаўніцтва Аршанскага раёна абвясціла тэндэр на знос будынка Мемарыяльнага музея Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава ў Оршы. Аднак самога будынка ўжо няма.
![vorsha_0611_2.jpg vorsha_0611_2.jpg](/img/v1/userfiles/images/vorsha_0611_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: orsha.eu
Кошт працаў папярэдне ацэнены ў 62 879 рублёў 35 капеек, пішуць "Народныя навіны Віцебска". Знесці дом №9в трэба да 9 студзеня 2017 года. Фінансаваць працы плануецца з мясцовага бюджэту.
Аднак самога будынка ўжо няма. Музей знаходзіўся ў аварыйным стане і быў моцна пашкоджаны сёлета ў ліпені, калі па Віцебшчыне прайшоў моцны ўраган.
![Так выглядаў музей пасля ўрагана. Фота: orshagrad.by Так выглядаў музей пасля ўрагана. Фота: orshagrad.by](/img/v1/userfiles/images/vorsha_0611_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так выглядаў музей пасля ўрагана. Фота: orshagrad.by
Экспанаты аператыўна эвакуявалі. А будынак, узведзены ў 1914 годзе і рэканструяваны пад музей ў 1952 годзе, знеслі ўжо да 31 ліпеня. Цяпер на яго месцы пустка.
Дарэчы, рашэнне аб вытворчасці праектна-пошукавых работ па зносе будынка музея Аршанскі райвыканкам прыняў 16 жніўня — праз два тыдні пасля фактычнага яго зносу.
euroradio.fm