У Салігорскім раёне здзейсніў вымушаную пасадку армейскі верталёт Мі-24
Прэс-служба Мінабароны паведамляе, што ўчора, 21 студзеня, падчас выканання планавых палётаў экіпажам верталёта Мі-24 былі выяўлены непаладкі ў працы сілавога агрэгата борта.

Армейскі верталёт Мі-24. Фота: tass.ru
«Экіпаж прыняў рашэнне здзейсніць вымушаную пасадку на непадрыхтаваную пляцоўку. Экіпаж не пацярпеў. Праводзіцца расследаванне», — заявілі ў Мінабароны.
Здарэнне адбылося ў Салігорскім раёне, каля аграгарадка Гоцк, паведамляе партал esoligorsk.by. Мясцовыя жыхары апісваюць «вымушаную пасадку» Мі-24 як падзенне. «Сёння вечарам быў чутны роў матора, верталёт усё кружыў, кружыў над Гоцкам, а потым упаў», — кажа адзін з суразмоўцаў выдання.
Верталёт вяртаўся з Лунінца, дзе сёння быў Аляксандр Лукашэнка, і здзейсніў экстраную пасадку ў лесапаласе. «Хоць Мінабароны сцвярджае, што ніхто не пацярпеў, паводле нашай інфармацыі, выкарыстоўваліся насілкі. А гэтак жа з Мачулішчаў вылятаў эвакуацыйны верталёт», — пішуць у тэлеграм-каналах.