У СІЗА-1 існуе «прэс-хата»? Што распавядаюць былыя вязні?
«Прэс-хатай» называюць наўмысна створаныя адміністрацыяй следчага ізалятара невыносныя ўмовы ў зняволенні, калі сукамернікі, якія супрацоўнічаюць з ёй, выбіваюць прызнальныя паказанні з іншых вязняў.
Былыя зняволеныя распавялі праваабаронцам, што ў СІЗА-1 «прэс-хатай» называюць камеру № 98, дзе ўтрымліваецца Расціслаў Светчыкаў па мянушцы «Слон», якога больш за два гады таму асудзілі за саўдзел у забойстве на 23 гады. «В*сна» сабрала сведчанні былых зняволеных СІЗА-1.
Асуджаны за два забойствы. Што вядома пра Расціслава Светчыкава?
Расціслаў Светчыкаў — фігурант дзвюх гучных спраў аб забойствах бізнесоўца ў Беразіно і мінскага менеджара. Справу ў судзе разглядалі двойчы. За першае забойства ў 2018 годзе Светчыкава прысудзілі да 24 гадоў пазбаўлення волі. А калі знайшлі цела забітага мінскага менеджара, то першы прысуд адмянілі, а справу накіравалі на новы разгляд. Паводле версіі следства, гэтыя справы звязаныя паміж сабой.
1 лютага 2021 года Мінскі абласны суд прызначыў Расціславу Светчыкаву 23 гады пазбаўлення волі. Падрабязна пра гэту справу пісала «Комсомольская правда в Беларуси».
Нягледзячы на тое, што прысуд даўно ўступіў у сілу і зняволенага мусілі ўжо этапаваць у калонію для адбыцця пакарання, яго да гэтага часу ўтрымліваюць у СІЗА-1.
«Маральна ціснуў на яго». Што кажуць пра яго вязні?
Былыя зняволеныя на ўмовах ананімнасці распавялі праваабаронцам тое, што ведаюць пра Расціслава Светчыкава. Яны расказалі, што зняволены па мянушцы «Слон» утрымліваецца ў камеры № 98, якую называюць «прэс-хатай», бо «ён збівае людзей, каб прызнаваліся».
«Я яго бачыў на «Валадарцы» чатыры разы. Яго не этапуюць у калонію нягледзячы на прысуд, які быў больш за два гады таму. Ён з «прэс-хаты» № 98. У яго свабодны, так бы мовіць, выхад з камеры, таму на медчастцы бачыў яго. Калі я вярнуўся з медчасткі ў камеру і сказаў сукамернікам, што бачыў здаровага зэка (ён важыць каля 140 кілаграм, спартовец), які перасоўваўся як хацеў, то мне сукамернік [які прайшоў праз гэту камеру] адразу сказаў, што ён з «прэс-хаты» 98. Я спытаў, ці былі нейкія здзекі, ці білі, але ён не вельмі хацеў пра гэта гаварыць. Але казаў, што маральна ён ціснуў на яго і іншых, а пра збіццё не гаварыў ці не хацеў гаварыць», — распавёў былы вязень.
Паводле яго, камера № 98 разлічана на шэсць месцаў. Ён пацвердзіў, што гэту камеру называюць «прэс-хатай». Яго сукамернік праходзіў па эканамічнай справе. Таксама былы вязень распавёў, што Светчыкаў у СІЗА недатыкальны, гэта значыць яго не чапаюць супрацоўнікі ізалятара.
Праваабаронцам пра Светчыкава распавёў яшчэ адзін чалавек, знаёмых якога арыштавалі па палітычна матываванай справе:
«Знаёмыя, якія праходзілі па палітыцы, сутыкаліся з ім, але яны за кратамі. Акрамя збіцця ён забірае ежу. Людзі, якія з ім сядзяць, не ядуць наогул».
Былы вязень, які сядзеў з ім у камеры некалькі тыдняў вясной 2021 года, назваў яго «зняволеным з прывілеямі»:
«На шпацыр можа пайсці, калі яму трэба. Тэлевізар — калі ласка. Такое адчуванне, што ён проста супрацоўнічае з адміністрацыяй».
Але за гэтыя тыдні, што вязень з ім прабыў у камеры, ён не бачыў, каб Светчыкаў «прэсаваў» вязняў.
«Мы часта чулі крыкі»
Пра Светчыкава распавялі і палітзняволеныя жанчыны, якія знаходзіліся ў суседніх камерах. Яны бачылі яго і гатовы апазнаць:
«Вы пісалі пра камеру № 98, а я сядзела насупраць тры тыдні і чула, што там адбываецца. Там часта стаяў крык, яго баяліся нават прадольныя. Не ведаю, ці біў ён, але крыкі чуліся часта, больш ён крычаў.
Я бачыла гэтага «бязмежніка». Ён агромністы, хадзіў у шапцы і рабіў тое, што хацеў. Да яго нават корпусныя з паклонам прыходзілі. Ён шмат займаўся спортам, на прагулачных дворыках часта быў побач і гучна дыхаў або крычаў на сукамернікаў. Потым яму рамонт рабілі, перакідалі іх камеру ў «адстойнік».
Калі прадольныя падыходзілі да яго, то ён іх пасылаў, і скандалы працягваліся. Я жахалася. Бо ў нас пры найменшым скандале заляталі з дубінкамі. Яму можна было ўсё. Дзяўчынкі казалі, што ён былы амапавец і сядзіць за забойства.
Яго я дакладна пазнаю, ён чапляўся на падоле. І голас яго пазнаю. Ён фрывольнасці адпускаў. Мы прыціскаліся да сценак ад яго. Крычаў: "Вы мае нявесты". Я імёнаў хлопцаў не памятаю [якія сядзелі з ім], але было іх шкада».
Яшчэ адна палітзняволеная, якая ўтрымлівалася ў СІЗА-1 зімой 2022 года, распавяла падрабязнасці пра Светчыкава:
«Я сядзела на Валадарскага проста насупраць камеры, у якой сядзіць Слон-Слава. Казалі, што гэта былы супрацоўнік САХР, які гандляваў зброяй нелегальна. Затым з гэтай зброі быў забіты чалавек.
Ён гадоў шэсць перыядычна сядзіць на Валадарскага: на яго заводзяць новыя справы, і ён сядзіць там пад следствам. Палітычных хлопцаў да яго падсаджваюць, і на іх аказваецца прэсінг. Я чула, як гэты Слон крычаў у камеры. А паколькі ён вялізнага росту і вагі (кілаграм 150), то была добрая чутнасць. Мы часта чулі крыкі.
З усімі ахоўнікамі ён вітаецца за руку. Акрамя таго, у камеру насупраць, дзе я была, заводзяць маладых дзяўчат, калі дзяўчына яму падабалася, то ахоўнікі перадавалі ад яго запіскі, і пачыналася перапіска. Дзяўчат нават выводзілі да яго, арганізоўвалі сустрэчы за тое, што ён раскручвае палітычных.
У той перыяд [калі палітзняволеная сядзела ў камеры насупраць] хлопцы сядзелі па арт. 342 КК, і ёнспрабаваў выведаць яшчэ падрабязнасці спраў у хлопцаў.
Былі размовы, што ён перадачы ў хлопцаў адбіраў. Я яго бачыла асабіста, калі выводзілі нас на шпацыр, а яго вялі на кабінеты».
Якія яшчэ ёсць сведчанні існавання «прэс-хаты» ў СІЗА-1?
Упершыню пра «прэс-хату» ў СІЗА-1 пасля падзей 2020 года заявіў на судзе палітзняволены Сцяпан Латыпаў. 1 чэрвеня 2021 года ў суд палітвязня прывезлі з відавочнымі слядамі збіцця, а неўзабаве ён сам на працэсе заявіў аб так званай «прэс-хаце», у якую яго ўкінула адміністрацыя ізалятара, каб дамагчыся прызнальных паказанняў. Ён распавёў, што там яго ўтрымлівалі 51 дзень. Пасля гэтага ён на судзе здзейсніў спробу суіцыду.
Але пра якую менавіта «прэс-хату» тады казаў Сцяпан — невядома. Родныя палітвязня распавядалі тады, што з 11 красавіка 2021 года яго ўтрымлівалі ў камеры з людзьмі з псіхічнымі асаблівасцямі.
Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што тэма з «прэс-хатай» і вязнямі, якія выбіваюць паказанні ў іншых зняволеных, не новая. У 2011 годзе па крымінальнай справе супраць следчай Генпракуратуры Святланы Байковай паводле ч.1 арт. 154 Крымінальнага кодэкса («Наўмыснае прычыненне працяглага болю або пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты пацярпелага») праходзіў Карэн Вартанян. Па версіі следства, следчая з дапамогай жорсткага ўнутрыкамернага «камернага агента» ў СІЗА-1 дамагалася ад абвінавачаных патрэбных паказанняў. Праўда, фінал гэтай справы аказаўся вельмі таямнічым. Вартанян, па звестках праваабаронцаў, быў апраўданы і загінуў у іншым СІЗА.