У сям'ю гомельскага школьніка, які памёр на перапынку, прыходзілі з наркакантролю

Супрацоўнікі наркакантролю прыходзілі дадому да гомельскага васьмікласніка, які 3 верасня памёр на перапынку. Пра гэта «Моцным Навінам» распавялі бацькі школьніка.

Фота з сямейнага архіву

Фота з сямейнага архіву


Абставіны смерці Мікіты цяпер высвятляюцца. Праводзіцца праверка, прызначана судова-медыцынская экспертыза. Неўзабаве пасля смерці Мікіты дадому да яго бацькоў прыйшлі з аглядам супрацоўнікі наркакантролю.
— Нібыта нехта з хлопчыкаў сказаў, што ў Мікіты «нешта было», — патлумачыла маці хлопчыка Таццяна. — Але набыць ён гэта сам не мог! Я яму ніколі не давала кішэнныя грошы. Толькі на 1 верасня я яму дала ці то 6, ці то 7 рублёў: ён хацеў купіць шакаладкі сваёй дзяўчынцы і настаўніцы. І ўсё, больш я яму грошай не давала.
Супрацоўнікі наркакантролю ў кватэры нічога падазронага так і не знайшлі.
Бацькам школьніка пра трагедыю паведамілі ў 14.03. Таццяне патэлефанавала класная кіраўніца, сказала, што Мікіта страціў прытомнасць, прыехала «Хуткая». Маці тут жа сабралася і паехала ў школу. Думала: «Ну, зараз забяру дадому, застанецца, усё будзе добра. Узяла яму тры мандарынкі. Так я іх і прывезла назад...»
Прыехаўшы ў школу, трапіць да дзіцяці маці не змагла: яе да яго не пусцілі і нічога не гаварылі — праводзіліся рэанімацыйныя мерапрыемствы. Але гэта не дапамагло. 14-гадовы Мікіта памёр.
— Пазней сказалі, што з ім у распранальні сядзеў аднакласнік. Яны проста глядзелі ў тэлефоны. І тут Мікіту стала дрэнна, адзін нават падумаў, што ён смяецца з іх. А потым у Мікіты пайшла пена з рота, ён пачаў хрыпець. Тут жа паклікалі медсястру, — распавяла Таццяна.
Пахаванне Мікіты адбудзецца ў нядзелю. Хаваць яго будуць у Лоеве — менавіта там ён нарадзіўся.
Калі вы хочаце дапамагчы сям'і Мікіты, то можаце пералічыць грошы на банкаўскую картку:
5446 5038 2481 9811
TATSIANA MAKSIMOVA
09/23
АЛЬФА-БАНК