У Слуцку заменяць рускамоўны знак-указальнік на беларускамоўны

Рускамоўны знак-указальнік «р. Случь» у Слуцку паабяцалі неўзабаве замяніць на беларускамоўны.

 

20190719_184353.jpg

Такі адказ на зварот атрымаў з УДАІ Мінаблвыканкама юрыст Ігар Случак, прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Умовы для мовы».

Зварот быў напісаны ў межах кампаніі «Беларускім вуліцам — шыльды па-беларуску».

Як паведаміў Ігар Случак, яго электронны зварот быў разгледжаны ва ўпраўленні ДАІ Мінскага аблвыканкама. Па выніках звароту на адрас КУП «Слуцкая ЖКГ» выдадзены загад на замену дарожнага знака 5.26.21 з выкананнем надпісу на беларускай мове.

fb_img_1562939963800.jpg

«Можна толькі вітаць такое рашэнне абласной дарожнай аўтаінспекцыі, — гаворыць старшыня Слуцкага ТБМ Зінаіда Цімошак. — З’явіцца яшчэ адна беларускамоўная шыльда — пасярод соцень рускамоўных».

Яна распавяла, што ў пачатку ліпеня 2019 года таксама напісала чарговы зварот па праблеме засілля рускамоўных вулічных указальнікаў ў Слуцкі райвыканкам. У пісьме да намесніка старшыні райвыканкама па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Наталлі Чарнушэвіч нагадала, што ў 2018 годзе ў Слуцкі райвыканкам ужо быў накіраваны калектыўны зварот, які падпісалі больш за 630 жыхароў горада Слуцка. У звароце случчане прасілі прадубляваць рускамоўныя назвы вуліц беларускамоўнымі.

szyldy_002.jpg

Прайшоў ужо год, і хацелася б ведаць адказы на пытанні:

1. Чаму Слуцкі райвыканкам так супраціўляецца ўсталяванню беларускамоўных версій рускамоўных указальнікаў вуліц беларускага горада Слуцка?

2. Чаму ў райвыканкаме аддаюць перавагу толькі адной дзяржаўнай мове — рускай і такім чынам дыскрымінуюць беларускую дзяржаўную мову?

3. Чаму райвыканкам адмаўляецца вырашыць пытанне ў інтарэсах соцень і тысяч гараджан?

_szyldy_001.jpg


У канцы ліпеня 2019 года ў адказ на гэтыя пытанні была атрымана чарговая адпіска з райвыканкаму, што «райвыканкам не адмаўляецца ад прапаноў, і яны будуць улічвацца ў далейшай рабоце».

Шкада, што вулічныя ўказальнікі не рэгулююцца дарожнай інспекцыяй. Таму грамадская актывістка мае намер звяртацца ў Мінскі аблвыканкам наконт беларусізацыі ўказальнікаў назваў слуцкіх вуліц.