«Патрабавала позву — прадэманстравалі кайданкі». Затрымалі карэспандэнтку «Новага Часу» ў Слуцку Зінаіду Цімошак (дапоўнена)

Цяпер яна знаходзіцца ў слуцкім РАУСе.

Крыніца фота: БАЖ

Крыніца фота: БАЖ

Як паспела паведаміць рэдакцыі Зінаіда Цімошак, яе прывезлі ў РАУС прама з вёскі, дзе яна знаходзілася. Пакуль журналістка сядзіць у крыміналістаў, гэта цягнецца ўжо больш за 2 гадзіны.
«Прыехалі з ранку ў 9 гадзін у вёску. Мусіць, вызначылі па тэлефоне. Не далі дапаліць печку. Кінула гарэць. Прасіла пачакаць, пакуль дапалю, не хацела ехаць. Патрабавала позву — прадэманстравалі кайданкі. Ехала на сваей машыне, але ззаду сядзела жанчына-крыміналістка», — паведаміла нам Зінаіда Цімошак.
Яе затрымалі нібыта «дзеля прафілактыкі».
Таксама Зінаіда Цімошак паведаміла, што сёння раніцай затрымалі слуцкага актывіста Яўгена Азёрнага.
Верагодна, затрыманні адбыліся ў сувязі з акцыяй ушанавання памяці ахвяраў гета ў Слуцку, якая адбылася ўвечары 21 кастрычніка і якую асвятляла Зінаіда. Тады невялічкая групка случчан ледзь паспела ўскласці кветкі ахвярам слуцкага гета, як з’явіліся міліцыянты і абвясцілі іх вінаватымі ў здзяйсненні правапарушэння.
Зінаіду Цімошак не раз затрымлівалі міліцыянты, апошні раз затрыманне адбылося ў Слуцку 4 жніўня.
Наша калега мае невылечную хваробу, яна паведаміла, што паспела ўзяць з сабой неабходныя лекі.