У Гродна асудзілі прафесара Смаленчука. Гісторык прыйшоў у суд з рэчамі
Доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука аштрафавалі на 270 рублёў у
судзе Ленінскага раёну Гродна 23 кастрычніка. Яго прызналі вінаватым ва
ўдзеле ў мітынгу пратэсту, — паведамляе Свабода.
Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук прыйшоў на суд з рэчамі, якія маглі спатрэбіцца ў разе арышту. Падтрымаць яго прыйшлі гродзенскія гісторыкі Алесь Краўцэвіч, Іна Соркіна, артыстка гродзенскага драматычнага тэатру Валянціна Харытонава, якую затрымлівалі ў той жа дзень, што і Смаленчука, жонка навукоўца Клаўдзія Смалянчук.
Прафесара прызналі вінаватым ва ўдзеле ў недазволеным масавым мерапрыемстве 20 верасня. Тады марш пратэстоўцаў ішоў менш за гадзіну. Амапаўцы заблакавалі шэсце ў цэнтры гораду на вуліцы Вялікай Траецкай і Віленскім завулку, жорстка затрымалі дэманстрантаў. Сярод дзясяткаў затрыманых былі гісторык Алесь Смалянчук, артысты тэатру Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава, гродзенка Вераніка на 30-м тыдні цяжарнасці.
На Смаленчука тады склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КаАП і выпусцілі праз некалькі гадзін. Падчас допыту ў РАУС міліцыянт пажартаваў, што прафесару ў Польшчы выплацяць прэмію за затрыманне. Справу разглядаў судзьдзя Мікалай Сяргейка.
Алесю Смаленчуку — 61 год. Пераможца сёлятняй прэміі Францішка Багушэвіча за манаграфію пра «айца БНР» Рамана Скірмунта. Аўтар манаграфіяў пра гісторыю Гродзеншчыны, укладальнік гадавіка «Homo historicus», адзін з кіраўнікоў праекту «Гарадзенскі палімпсест».
Працуе ў Варшаўскім універсітэце.