У спісе птушак Беларусі пяць новых відаў!

Апошні раз спіс птушак Беларусі папаўняўся ў 2018 годзе наступнымі відамі: караткадзюбая гуменніца, азіяцкі чорнагаловы ерчык і стрынатка-крошка. На сёння ў спісе 337 відаў птушак.

ab54267bb938e1b797d106263eae9e32.jpg

Беларуская арніта-фаўністычнай камісія ў сакавіку ўключыла новыя віды ў спіс птушак Беларусі:
Стрынатка-рэмез (овсянка-ремез, Emberiza rustica);Палярная чайка (полярная чайка, Larus glaucoides);Бурая пячураўка (бурая пеночка, Phylloscopus fuscatus);Шэры жаўрук (серый жаворонок, Calandrella (Alaudala) rufescens);Егіпецкая гусь (нильский гусь, Alopochen aegyptiaca) (катэгорыя С — чужародны від).

Стрынатка-рэмез. Фота Юрыя Янкевіча

Стрынатка-рэмез. Фота Юрыя Янкевіча

Стрынатку-рэмеза злавілі і закальцавалі на Віцебшчыне арнітолагі Дзяніс Кіцель і Юры Янкевіч 2 кастрычніка 2018 года. З таго часу на станцыі «Сасновы бор» было зроблена яшчэ чатыры рэгістрацыі гэтага віду (усе птушкі закальцаваныя).
Гэта таёжны від, распаўсюджаны шырокай паласой ад Паўночнай Еўропы праз поўнач Усходняй Еўропы, Сібір да Камчаткі і Алеуцкіх астравоў. З канца ХІХ стагоддзя адзначана пашырэнне распаўсюджання віду на захад — у Эстонію, Латвію, Швецыі і Нарвегію. Падчас сезонных міграцый залятае ў многія краіны Еўропы.

Палярная чайка. Фота Аляксандра Вінчэўскага

Палярная чайка. Фота Аляксандра Вінчэўскага

Палярную чайку 9 сакавіка 2019 года заўважыла на сажалцы ў раёне Шабаноў у Мінску загадчыца лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Ірына Самусенка. У выхадныя яна рабіла ўлікі чаек на сталічных вадаёмах, падчас якіх зрабіла сотні фота гэтых птушак. Пераглядаючы ўвечары здымкі, яна заўважыла буйную белую чайку. Эксперты па чайках Заходняй Палеарктыкі ўзгаднілі вызначэнне віду і нават удакладнілі ўзрост птушкі. Палярнай чайцы каля двух гадоў.
Палярная чайка — марская птушка, якая рэдка залятае ўглыб сушы. Яна гняздуецца на скалах на паўночна-ўсходніх узбярэжжах Канады і ў Грэнландыі. Зімуюць птушкі на поўначы Атлантыкі, таксама на Паўночным моры. А вось на Балтыку залятаюць параўнальна рэдка.

88183299_2798219123559309_422871613696901120_n.jpg


Пару егіпецкіх гусей заўважыў і сфатаграфаваў на мабільны 27 лютага 2020 года ў Гродзенскай вобласці механізатар СПК «Макараўцы» І. Наско. Прыродны арэал гэтых птушак знаходзіцца на поўдзень ад Сахары ў Афрыцы. Птушкі, якія адзначаны ў многіх краінах Еўропы, лічацца здзічэлымі асобінамі, якія збеглі з заапаркаў ці падобных месцаў развядзення і ўтрымання птушак у няволі, або іх патомкамі. Таму для еўрапейскай фаўны гэта від-інтрадуцэнт.

Бурая пячураўка ў Бутане. Ілюстрацыйны здымак. Фота Франчэска Веранэсі, Wikimedia Commons

Бурая пячураўка ў Бутане. Ілюстрацыйны здымак. Фота Франчэска Веранэсі, Wikimedia Commons

Бурую пячураўку спачатку пазнаў па голасе, а потым і сфатаграфаваў Юрый Шашэнька, які разам з Дзянісам Кіцелем, Вольгай Лукшыц і Дзмітрыем Вінчэўскім выправіўся паназіраць за птушкамі ў Гродзенскі раён 24 красавіка 2020 года.
Бурая пячураўка насяляе Цэнтральную і Усходнюю Азію ад ракі Об да Ахоцкага мора і паўднёвай часткі Кітая. Звычайна зімуе на поўдзень ад гнездавога арэалу ў Бангладэш і Індакітаі. Таму зразумела, што пячураўкі, якія ляцяць зімаваць туды, ніяк не могуць апынуцца ў Еўропе. Аднак падобныя, усё больш частыя рэгістрацыі сібірскіх і нават далёка-ўсходніх відаў вераб’іных птушак далёка на захад ад іх асноўных шляхоў міграцыі у апошнія некалькі гадоў дазваляюць выказаць здагадку, што нейкая колькасць асобін такіх відаў усё ж зімуе не там, дзе гэта рабілі і працягвае рабіць большасць з іх, — г.зн. у Азіі. І гэтыя параўнальна новыя, яшчэ без шматлікіх птушак месцы зімоўкі знаходзяцца або ў Афрыцы, або/i на Іберыйскім паўвостраве у Еўропе.

Шэры жаўрук. Фота Юрыя Шашэнькі

Шэры жаўрук. Фота Юрыя Шашэнькі

Першую для Беларусі рэгістрацыю шэрага жаўрука зрабіла 8 лістапада ў Наваградскім раёне група бёрдвочараў: Наталля Капорыкава, Юры Шашэнька і Генадзь Ардзюк. На палявой дарозе з-пад іх машыны выпырхнула дробная птушачка, праляцела крыху наперад і метраў праз 20 прызямлілася. Было цёмна, вызначыць птушку было складана. Птушкары пачалі фатаграфаваць яе, каб вызначыць від. З дапамогай вызначальніка высветлілі, што гэта шэры жаўрук, які раней у Беларусі не рэгістраваўся.
Шэры жаўрук — паўднёвы від, найбліжэйшыя ад нас гняздуюцца ў азоўскіх і саратаўскіх стэпах. Гэта адзін з самых маленькіх па памеры жаўрукоў. Дагэтуль у Беларусі рэгістраваліся чатыры віды жаўрукоў: рагаты, палявы, баравы і жаўрук-смяцюх, з іх першы прылятае толькі ўзімку, а астатнія гняздуюць у нас.
 greenbelarus.info