У свеце ў пятніцу адбыўся рэкордны рост новых выпадкаў COVID-19

З пачатку пандэміі каронавіруса SARS-CoV-2 ва ўсім свеце заразіліся больш 7,7 млн чалавек, каля 430 тысячаў  памерлі. Ачунялі каля 4 млн чалавек. Прырост новых выпадкаў у апошнія суткі ў свеце стаў рэкордным з пачатку пандэміі.

covid_19.jpg

Па графіках на worldometers бачная пастаянная дынаміка росту новых выяўленых выпадкаў.
Найбольшая колькасць інфіцыраваных ў ЗША, там зафіксавана за 2,6 млн выпадкаў каронавіруса, памерлі амаль 117 тысяс чалавек, з іх 791 — за 12 чэрвеня. Актыўны распаўсюд у апошнія дні каронавіруса ў некаторых штатах не азначае, што краіна стаіць на парозе другой хвалі пандэміі, заявілі ў Белым доме. Гаворка, маўляў, ідзе толькі пра асобныя выбліскі захворвання, а не пра паўнавартасную друую хвалю, здольную накрыць усю краіну.
У Бразіліі зафіксаваныя амаль 830 тысяч выпадкаў каронавіруса, 843 чалавекі памерлі ўчора.
«Рэжым ваеннага часу» абвешчаны ў пекінскім раёне Фэнтай пасля таго, як у пяці работнікаў размешчанага там аптовага рынку «Сіньфадзі» была дыягнаставана каронавірусная інфекцыя, паведамляе DW. SARS-CoV-2 знайшлі ў пробах з дошкі, якая выкарыстоўвалася для раздзелкі імпартаванага ласося. Рыба паступіла на базар з закрытага рынку морапрадуктаў Цзіншэнь, дзе раней быў выяўлены ачаг віруса новага тыпу. Жыхары раёна Пекіна зараз павінны выконваць рэжым самаізаляцыі, не маюць права пакідаць дамы, улады прымаюць меры па забеспячэнні іх прадуктамі харчавання. Заняткі ў трох пачатковых школах і трох дзіцячых садках, якія ўжо адкрыліся, зноў спыняюцца, паведамляе РБК. Навучальныя ўстановы, якія яшчэ не вярнуліся да працы, таксама павінны адкласці аднаўленне заняткаў.
Колькасць інфіцыраваных ў Германіі перавысіла 186 тысяч. Па дадзеных Інстытута імя Роберта Коха (RKI), за суткі ў Германіі выяўлена 348 новых выпадкаў заражэння SARS-CoV-2. Агульная колькасць зарэгістраваных з пачатку эпідэміі заражэнняў павялічылася да 186 022 чалавек. Ад наступстваў хваробы COVID-19, выкліканай новым каронавірусам, за суткі памерлі 18 пацыентаў, агульная колькасць смяротных зыходаў вырасла да 8781.
Польшча ў ноч на 13 чэрвеня адкрыла мяжы з краінамі ЕС — Германіяй, Чэхіяй і Славакіяй. Кантроль на мяжы з Літвой быў адменены, яшчэ 12 чэрвеня. Уведзены з-за пандэміі памежны рэжым дзейнічаў з сярэдзіны сакавіка. Уезд быў дазволены толькі асобам з пастаянным відам на жыхарства ў краіне, кіроўцам грузавікоў і дыпламатам.
Францыя 15 чэрвеня здыме абмежаванні на ўезд у краіну з дзяржаў ЕС. Доступ у краіну будзе дазволены для людзей, якія ўязджаюць з краін — членаў ЕС, а таксама з Андоры, Ісландыі, Ліхтэнштэйна, Манака, Нарвегіі, Сан-Марына, Швейцарыі і Ватыкана. Для прыбываючых з Іспаніі і Вялікабрытаніі прадугледжаны двухтыднёвы каранцін.
У Расіі каронавірус быў выяўлены больш чым у 511 тысяч чалавек, 12 чэрвеня памерлі 183 чалавекі, з іх 44 — у Маскве.
На 12 чэрвеня ў Беларусі 52 520 выпадкаў COVID-19. Прырост за суткі — 704 новыя выпадкі. Гэта самы нізкі прырост за апошнія паўтара месяца. Ачунялі і выпісаныя 27 760 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19 (1117 за суткі). За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 298 пацыентаў (плюс пяць за суткі). Кіраўнік беларускага бюро СААЗ Батыр Бердыклычаў адзначае, што «Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў стадыі лакальнай перадачы віруса, то бок, гэта досыць сур'ёзная сітуацыя». Па дадзеных універсітэта Джонса Хопкінса, наша краіна знаходзіцца на 23-м месцы ў свеце па колькасці пацверджаных выпадкаў COVID-19.
https://news.tut.by/world/688635.htmltut.by