У Светлагорску затрымалі гераіню артыкула НЧ Дзіяну Філімончык

Гаспадыню 26 сабак, якая трымае іх на падворку прыватнага дома ў вёсцы, нібыта вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі.

file_862.jpg


Як паведаміла Палескай Вясне маці Дзіяны Філімончык, яе дачка ў суботу 18 ліпеня вярталася з прыгараднай вёскі Расава, дзе знаходзіцца дом, на падворку якога яна трымае 26 сабак. Проста на вуліцы ў цэнтры Светлагорска да яе падыйшлі міліцыянты і пачалі яе затрымліваць, ужываючы фізічную сілу. Яна пачала выкрыкваць мінакам тэлефон маці і прасіць, каб тыя паведамілі маці пра затрыманне. Маці патэлефанавалі выпадковыя сведкі затрымання.
На думку маці, імавернай прычынай затрымання магла стаць адмова Дзіяны Філімончык з’явіцца на паседжанне адміністрацыйнай камісіі пры Светлагорскім райвыканкаме паводле пратаколу, які на яе склаў участковы міліцыянт за парушэнне правілаў утрымання сабак. Нібыта нейкі час таму адзін з сабакаў брахнуў на нейкага суседа, які напісаў на Дзіяну Філімончык заяву. Сама Філімончык тлумачыла міліцыі, што не ідзе на камісію, бо пасля паседжання яе могуць зняволіць на суткі, і тады ейныя сабакі застануцца без дагляду. У выніку яе здымак распаўсюдзілі сярод супрацоўнікаў РАУС з загадам затрымаць яе любому, хто яе ўбачыць.
У траўні мы распавядалі пра Дзіяну Філімончык і яе адносіны з суседзямі і ўладай:

Дзіяна і яе сабакі. Чаму так кепска добрым людзям?


18 ліпеня спачатку ў Светлагорскі РАУС паехаў бацька Дзіяны Філімончык. Ён убачыў сваю дачку ў памяшканні для затрыманых дзяжурнай часткі РАУС за кратамі і ў кайданках. Ён прасіў міліцыянтаў зняць кайданкі. Але міліцыянты патлумачылі, што Дзіяна Філімончык абвінавачваецца ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, і таму да змяшчэння ў камеру мусіць знаходзіцца ў кайданках.
Потым Дзіяну змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС. Туды ўвечары прыехала маці Дзіяны, каб перадаць ёй ежу, ваду і лекі. Але супрацоўнікі ІЧУ прынялі толькі лекі. Перадачу з ежай і вадой прыняць адмовіліся, абгрунтаваўшы тым, што ў выходныя дні перадачы не прымаюцца.
19 ліпеня маці напісала Дзіяне ліст, дзе паведаміла, каб яна не хвалявалася за сабак, бо ў Расаву паехаў яе брат і ён дагледзіць сабак. Маці прыйшла ў ІЧУ, каб перадаць ліст дачцэ. Супрацоўнік ІЧУ, прымаючы ліст, сказаў, што нібыта Дзіяна Філімончык была п’яная ў грамадскім месцы і сядзіць за гэта. Хаця, як сцвярджае маці, Дзіяна ўвогуле не ўжывае спіртныя напоі.
Чакаецца, што суд над Дзіянай Філімончык адбудзецца ў панядзелак 20 ліпеня. За сітуацыяй сочыць кіраўніца Светлагорскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова.