«У той момант я думаў, што пачнецца рэвалюцыя»
Сёння, у гадавіну Плошчы-2010, каля Чырвонага касцёла ў Мінску сабраліся людзі, каб запаліць свечкі ў памяць пра падзеі, што аб'ядналі дзясяткі тысяч беларусаў.

У знак салідарнасці з удзельнікамі падзей 19 снежня 2010 года каля Чырвонага касцёла сабралося каля двух дзясяткаў чалавек. Актывісты анархісцкага руху прынеслі ўлёткі, якія нагадалі пра вязняў антыфашыстаў і анархістаў у Беларусі.
Як адзначыла Наста Гусева, "гэтая акцыя салідарнасці не толькі з падзеямі 2010 года, а таксама салідарнасць з людзьмі, якія зараз знаходзяцца ў няволі з-за рэпрэсіўнай машыны. Напрыклад, Мікіта Емяльянаў, якому пагражае да 12 гадоў турмы, Вадзім Бойка, Ілля Валавік, Святаслаў Барановіч і іншыя".

Дзмітрый Паліенка ўзгадаў: "19 снежня 2010 года я ўдзельнічаў у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Больш за ўсё мне запомнілася атмасфера, якую стваралі дзясяткі тысяч людзей, якія прыйшлі выступіць супраць улады Лукашэнкі. У той момант я думаў, што пачнецца рэвалюцыя і ў нас будзе іншая краіна. Пратэсты задушылі, за краты кінулі дзясяткі чалавек і што мы бачым цяпер? За гэтыя 9 гадоў нічога не памянялася ў добры бок у плане эканомікі і рэпрэсій, усё становіцца толькі горш".

Экс-кандыдат у прэзідэнты падчас выбараў 2010 года і актыўны ўдзельнік Плошчы-2010 Мікалай Статкевіч сказаў: "Я тут, каб узгадаць той дзень, запаліць знічкі і памаліцца за здароўе тых людзей, якія пацярпелі ад рэжыму, і за поспех нашай краіны. Наступны год будзе вырашальным, "Плошча 2020" пераможа!"

Акцыю каля Чырвонага касцёла суправаджала каля 40 супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным.