У Віцебску прайшоў сход наконт будаўніцтва Палацу шлюбаў: людзі – супраць
У Віцебску 5 снежня прайшоў сход па абмеркаванні справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяродздзе (АУНА) меркаванага будаўніцтва Палацу ўрачыстых абрадаў.
На сходзе прысутнічала больш за 100 віцяблян. Але сярод іх не было ні аўтара справаздачы, ні навуковага кіраўніка праекту.
Частка ўдзельнікаў напрыканцы імпрэзы прагаласавала за тое, каб такое абмеркаванне лічылася неадбытым.
Справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе меркаванага будаўніцтва прэзентавалі намесніца дырэктара па тэхнічнай палітыцы Упраўлення капітальнага будаўніцтва (УКБ) г. Віцебска Таццяна Хахлова (як прадстаўніца заказчыка) і аўтар праекту галоўны архітэктар прадпрыемства “Інстытут Віцебскграмадзянпраект” Аляксандар Зафатаеў. У якасці мадэратара выступіў намеснік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын.
Пра памылковае датаванне. Вінаваты Мінкульт?..
Адзначым, што праект, прэзентаваны Аляксандрам Зафатаевым, быў тым самым праектам, які створаны яшчэ ў 2010 годзе. Новы эскіз будынку Палацу ўрачыстых абрадаў, які нядаўна трапіў у СМІ, нават не абмяркоўваўся.
Паводле заказчыка, гаворка пакуль што ідзе толькі пра перадпраектную дакументацыю. Маўляў, архітэктурны праект Палацу шлюбаў, хоць і трапіў у Генплан гораду ў 2016 годзе, на дадзены момант патрабуе карэктыроўкі (мінімізацыя аб’ёму, коштаў, змены ў архітэктурным рашэнні). Гэта патрабаванне Міністэрства культуры.
Як запэўніла Таццяна Хахлова, апошні дазвол быў выдадзены міністэрствам 19 кастрычніка 2018 году.
“Ёсць яшчэ ліст з міністэрству ад 30 кастрычніка, у якім прапануецца стылізаваць Палац пад аблічча дзяржбанку, але мы не хочам абмяркоўваць гэта загадзя”, – паведаміла прадстаўніца УКБ.
Што праўда, напрыканцы сустрэчы чыноўніца прасіла дараваць ёй ужыванне тэрміну “стылізацыя”. У лісце Мінкульту было даслоўна так: “наблізіць да гістарычнага рашэння”.
Дарэчы, як сцвярджае Хахлова, менавіта ў гэтым лісце Міністэрства культуры ўпершыню з'явілася памылковае датаванне (XVIII-XIX ст.) будаўніцтва дзяржбанку ў Віцебску (насамрэч пабудаваны ў 1904 г.).
“Мы проста добрасумленна перанеслі гэтую інфармацыю. Мы ж не можам усё ведаць! У нас няма штатных супрацоўнікаў, каб пераправерыць інфармацыю”, – апраўдвалася прадстаўніца заказчыка.
“Стылізацыя” і “новы аб’ект”. Аднаўлення не будзе
“Паверце, усе стараюцца каб задаволеныя засталіся і жыхары гораду, і міністэрства, каб знайсці нейкае кампраміснае рашэнне… Мы ж не кажам аб аднаўленні чаго-небудзь. Мы ўсё адно кажам пра новае будаўніцтва. То бок, па ідэі, гэта павінен быць новы будынак”, – падкрэсліла Хахлова.
Падчас сходу прадстаўнікі заказчыка неаднойчы казалі пра тое, што “набліжаны” да гістарычнага выгляду дзяржбанку будынак Палацу шлюбаў не будзе стаяць на гістарычным падмурку. Гістарычны фундамент дзяржбанку, паводле словаў Тацяны Хахловай, знаходзіцца “якраз на тэрыторыі драўлянай царквы” (храм Аляксандра Неўскага).
Кажучы пра ахоўную зону Ніжняга замку, Хахлова спасылалася на даследаванні навукоўцаў Тацяны Бубенькі і Вольгі Ляўко (праводзіліся падчас геалагічных пошукаў).
“Паводле геалогіі, там сёння да 13 метраў насыпнога грунту. У культурным жа грунце, акрамя драўляных пасяленняў, нічога не было знойдзена. Гэта лішні раз пацвярджае, што сцяна Ніжняга замку была пракладзеная бліжэй да сучаснай вуліцы Замкавай. Дык падумайце, ці рэальна праводзіць раскопкі на такіх глыбінях?..” – разважала чыноўніца.
У сваю чаргу, архітэктар Зафатаеў сцвердзіў, што ўсе патрабаванні будуць выконвацца: археалагічныя мерапрыемствы будуць праводзіцца, а ў тым выпадку, калі раскопкі будуць прызнаныя немэтазгоднымі, будзе ажыцьцяўляцца археалагічнае назіранне.
На жаль, больш цямныя адказы наконт раскопак грамадзяне не атрымалі, бо навуковы кіраўнік праекту віцебскі архітэктар Яўген Калбовіч на сходзе адсутнічаў.
“Мы тут проста губляем час”
Як аказалася, не было падчас абмеркавання і ўласна аўтара справаздачы аб АУНА. Як паведамілі арганізатары, супрацоўніца прадпрыемства “Віцебскрамадзянпраект”, якая працавала над справаздачай, знаходзіцца на бюлетэні.
З гэтай прычыны віцяблянка Алена Сцяпанава наогул прапанавала лічыць гэты сход несапраўдным: “Мы ўсе тут проста губляем час!” Бо да аўтара справаздачы, паводле Сцяпанавай, было вельмі шмат пытанняў.
Адно з іх: чаму ў справаздачы аўтар апелюе да Закону “Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь”, калі ён на сёння ўжо страціў сілу – у сувязі з прыняццем “Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб культуры”?..
Выступоўца казала таксама, што новы, адкарэктаваны, праект патрабуе яшчэ аднаго грамадскага абмеркавання. І грамадства ў любым выпадку будзе яго дамагацца. Заклікала прысутных пісьмова звяртацца ў пракуратуру ды іншыя органы.
“Гэты праект паставіць крыж на перспектывах”
Падчас абмеркавання справаздачы з пытаннямі і прапановамі выступілі больш за 10 жыхароў Віцебску. Ніводны з іх праект не падтрымаў.
На думку сябра Саюзу архітэктараў Аляксандра Міхайлюкова, з пункту гледжання інфармацыі аб праекце, “пакуль што размытае практычна ўсё”.
“Вельмі шмат момантаў, у тым ліку і ў заканадаўстве, якія кажуць нам, што гэты аб’ект не самы прыдатны ў гэтым месцы, ён можа паставіць крыж на перспектывах. Усё, што робіцца паспехам, – поспеху не прыносіць. Такія рэчы патрабуюць больш глыбокага пагружэння. У горадзе хапае свабодных месцаў для гэтай збудовы. Не спяшацца прымаць кардынальнае рашэнне – самае разумнае сёння”, – казаў Аляксандар Міхайлюкоў.
“А пра тое, што там адсутнічае культурны слой, – гэта наогул смешна чуць…” – дадаў архітэктар.
Паводле віцяблянкі Тацяны Севярынец, у праекце новабуду настолькі шмат супярэчнасцяў і недарэчнасцяў, што ад яго, безумоўна, трэба адмовіцца. А замест будоўлі – прывесці ў парадак тое, што ўжо ёсць у горадзе.
Амаль 7 мільёнаў за палац. “Азіяцкая тэндэнцыя”
“Апошнім часам у Беларусі з'явілася тэндэнцыя будаўніцтва палацаў. Гэта чыста азіяцкая тэндэнцыя, хоць мы жывем у цэнтры Еўропы! Успомніце хаця б будынак Вярхоўнага суду! А колькі будзе каштаваць гэты Палац шлюбаў? Ці рацыянальна гэта для нашага гораду, дзе ў занядбаным стане знаходзяцца сацыяльныя аб’екты. Вы былі ў інфекцыйнай бальніцы?..” – пыталася яшчэ адна выступоўца Ірына Захарава.
Яна прапанавала замест будаўніцтва адрамантаваць пад Палац шлюбаў які-небудзь Дом культуры ў горадзе.
Паводле звестак, якія падчас сходу агучыла намесніца дырэктара УКБ Тацяна Хахлова, прыблізны кошт Палацу шлюбаў складае 6 млн. 900 рублёў.
Віцебскі блогер Аляксей Андрэянаў звярнуў увагу на тое, што ў справаздачы, па сутнасці, не разглядаецца альтэрнатыва будаўніцтва. Бо прапанаванае ў дакументацыі альтэрнатыўнае рашэнне – пакінуць будынак на тым жа месцы, але павярнуць яго вакол восі – ніяк не цягне на альтэрнатыву.
“Не спрабавалі праводзіць даследаванні з мэтай пошуку вежаў замку? А я на свае вочы бачыў у дзяцінстве рэшткі драўляных забудоў. Вы спасылаецеся на даследаванні 80-х гадоў. З тых часоў тут больш нічога не даследавалася. Горад не дае іх праводзіць. Чаму?” – пытаўся віцяблянін.
Прапанаваў на пачатку “знайсці гэтыя вежы і гэтыя муры і толькі потым ужо думаць, што з гэтым рабіць”.
Яшчэ адзін выступоўца Раман Баярынцаў казаў пра тое, што пад цэнтральны ЗАГС можна задзейнічаць будынак па вуліцы Чайкоўскага, 3, а культурна-гістарычны комплекс “Залатое кальцо Віцебску – Дзвіна”, дзе юныя мастакі не маюць нават сонечнага святла (будынак без вокнаў), перанесці ў будынак на Чайкоўскага,14.
Лічыць абмеркаванне няспраўджаным
Наогул, альтэрнатыўных прапановаў было агучана падчас сходу шмат. Намеснік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын запэўніў, што ўсе яны будуць зафіксаваныя (падчас сходу вяліся відэаздымкі) і ўзятыя пад увагу.
“Паводле вынікаў вось гэтага абмеркавання будзе створаная адпаведная справаздача і прынятае рашэнне. Толькі пасля гэтага будзе зразумела, куды ісці”, – патлумачыў.
Напрыканцы сходу прайшло галасаванне наконт таго, ці адбылося абмеркаванне. Частка самых актыўных удзельнікаў прагаласавала за тое, каб не лічыць абмеркаванне спраўджаным.
Адзначым таксама, што большую частку актавай залі ў віцебскай Акадэміі сувязі, дзе праходзіў сход, складалі дзяржслужбоўцы, якіх, паводле выступоўцаў, прывезлі на сход аўтобусам.
Ніводнага пытання арганізатарам прывезеныя людзі не задалі. Сход доўжыўся больш за дзве гадзіны.
Зміцер Міраш, фота аўтара, vitebskspring.org