У Жодзіне асудзілі за хабар намесніка гендырэктара БелАЗу і яшчэ 6 чалавек

3-га снежня суд г. Жодзіна вынес прысуд у справе аб хабары падчас закупак металу для патрэбаў холдынгу «БелАЗ», паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на прэс-службу суду. 

Суд прызнаў намесніка гендырэктара БелАЗу Андрэя Дароніна вінаватым у атрыманні хабару (ч. 3 арт. 430 КК з ужываннем ч.1 арт. 69 КК) і прысудзіў 7,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Начальнік бюро ліставога металу і вядучы эканаміст у матэрыяльна-тэхнічным забеспячэньні бюро асуджаныя за атрыманне хабару на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд таксама пастанавіў спагнаць з іх у даход дзяржавы 777 і 9320 рублёў «неабгрунтаванага ўзбагачэння» адпаведна.

За даванне хабару асуджаныя:

дырэктар у тэхнічных пытаньнях СТАА «ЗІКО-Зорка Групп» — на 5 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову,
дырэктар ТАА «Новастыль» — на 3 гады абмежаваньня волі, таксама без накіраваньня;
двое індывідуальных прадпрымальнікаў аштрафаваныя на 750 базавых велічыняў кожны.
Прысуд яшчэ не набыў моцы і можа быць абскарджаны.

4 ліпеня ў Менску пры атрыманьні хабару ў 1200 даляраў затрыманы намеснік гендырэктара БелАЗу Андрэй Даронін. Акрамя яго, затрымалі яшчэ пяцёх чалавек: начальнік бюро і эканаміст БелАЗу, якія бралі хабар, і тры прадстаўнікі камерцыйнай структуры, якія давалі хабар за станоўчае вырашэнне пытаньня аб падпісанні дамоваў на пастаўку металу.

Паводле праваахоўнікаў, незаконная схема дзейнічала з восені 2016 году. Метал для патрэб БелАЗа закупляўся па цэнах, якія перавышаюць рынкавыя. За гэта прадстаўнікі прадпрыемства сістэматычна атрымлівалі хабар, памер якога складаў пэўны адсотак ад сумы пагаднення.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: