У «Бабулінай крынкі» зноў праблемы

 «Рассельгаснагляд» у чарговы раз з 25 чэрвеня ўвёў абмежаванні на пастаўку ў Расію малака і малочнай прадукцыі з чатырох беларускіх прадпрыемстваў. Забарона была
ўведзена ў сувязі з «неаднаразовым выяўленнем антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы ў прадукцыі, якая паступіла ў Расію».

 «Рассельгаснагляд» у чарговы раз з 25 чэрвеня ўвёў абмежаванні на пастаўку ў Расію малака і малочнай прадукцыі з чатырох беларускіх прадпрыемстваў. Забарона была ўведзена ў сувязі з «неаднаразовым выяўленнем антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы ў прадукцыі, якая паступіла ў Расію».

У спіс прадпрыемстваў, прадукцыя якіх была забаронена для ўвозу ў Расію, трапілі «Барысаўскі малочны камбінат», «Асіповіцкі малочны камбінат», «Бярозаўскі сыраробны камбінат» і лідэр малочнай вытворчасці Магілёўскай вобласці — ААТ «Бабуліна крынка».

Ці былі аб’ектыўныя падставы ў расійскіх кантралёраў для ўводу забароны на ўвоз прадукцыі, у прыватнасці, «Бабулінай крынкі», — вялікае пытанне. Літаральна напярэдадні ўводу забароны на пастаўку прадукцыі ў Расію «Бабуліна крынка» атрымала сертыфікат якасці ад грамадскай установы LST Sert, акрэдытаванай пры Нацыянальным бюро Літоўскай рэспублікі, якая ўпаўнаважана Еўрасаюзам праводзіць аўдыт і выдаваць сертыфікаты адпаведнасці еўрапейскім патрабаванням якасці і бяспекі.

Аўдытары LST Sert прызналі, што жорсткім еўрапейскім патрабаванням якасці адпавядае ўвесь спектр прадукцыі кампаніі, заяўлены для сертыфікацыі: сухія малочныя прадукты, натуральнамалочная прадукцыя, масла сметанковае, марожанае, сыры паўцвёрдыя і цвёрдыя. У Рэспубліцы Беларусь ААТ «Бабуліна крынка» першай здолела атрымаць еўрапейскі сертыфікат на такі вялікі спіс прадукцыі.

Літаральна перад увядзеннем забароны на пастаўку малака ў Расію віцэ-прэм’ер Беларускага ўраду Андрэй Кабякоў падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форума заявіў, што Беларусь не чакае новых супярэчнасцяў з Расіяй на малочным рынку. У прыватнасці, ён сказаў, што «перыяд узнікнення праблемаў» ужо прайшоў і дасягнутыя за апошні год дамоўленасці «даюць упэўненасць, што падобнага супрацьстаяння інтарэсаў ужо не будзе». Нічога не скажаш, «дакладны» прагноз.

Тым часам супрацоўнікі бялыніцкага філіяла ААТ «Бабуліна крынка» зараз знаходзяцца ў стане няўпэўненасці ў заўтрашнім дне, бо большая частка прадукцыі прадпрыемства раней ішла ў Расію. Сярод работнікаў прадпрыемства ходзяць чуткі, што цэх па вытворчасці сыроў можа прыпыніць сваю працу на некалькі месяцаў. Людзі добра памятаюць, як у мінулым годзе, падчас папярэдняй «малочнай вайны» з Расіяй, філіял некалькі месяцаў працаваў толькі ў якасці малакапрыёмнага пункта. Ужо зараз многія работнікі прадпрыемства адпраўлены ў адпачынак. Тым часам «старацелі», якія здабываюць сабе на пражыццё працай на сметніку каля вёскі Асавец, кажуць, што апошнім часам на звалку сталі вывозіць шмат сыра.

Багдан Іваноў
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: