У Беларусі 14% работнікаў пастаянна спазняюцца
Па выніках апытання, праведзенага даследчым цэнтрам «HeadHunter Беларусь», праект «РАБОТА.TUT.BY», пастаянна спазняецца на працу кожны сёмы беларус (14%). У той жа час больш за траціну рэспандэнтаў запэўніваюць, што заўсёды прыходзяць своечасова на сваё працоўнае месца.
У большасці кампаній пачатак і канец працоўнага дня дакладна зафіксаваныя, аднак больш чым у траціне выпадкаў устаноўлены парадак носіць фармальны характар. Работадаўца ніяк не кантралюе час
прыходу і адыходу сваіх супрацоўнікаў, спадзеючыся на іх сумленне і адказнасць. 4% рэспандэнтаў адзначылі, што ў іх кампаніях спазненне нават на гадзіну лічыцца нормай. У асноўным жа спазненне
дапускаецца на 5-10 хвілін.
«Большасць кіраўнікоў зацікаўленыя ў дакладнай сістэме кантролю. 19% кампаній вядуць журнал, у якім адзначаецца час прыходу/адыходу кожнага работніка, 28% — устанаўліваюць
электронную сістэму кантролю, калі кожны чалавек адзначаецца пластыкавай карткай пры ўваходзе/выхадзе з будынка, яшчэ чвэрць кампаній ускладае гэтыя абавязкі на аднаго з супрацоўнікаў. У больш рэдкіх
выпадках работадаўцы ўстанаўліваюць камеры відэаназірання для гэтых мэтаў, выкарыстоўваюць crm-сістэму, або правяраюць наяўнасць супрацоўнікаў на месцах ранішнім званком або паведамленнем у
камунікатары», — каментуе Святлана Шапорава, дырэктар «HeadHunter Беларусь» (праект «РАБОТА.TUT.BY»).
Паводле яе слоў, найбольш распаўсюджанае пакаранне за парушэнне рэжыму працоўнага часу — папярэджанне, на другім месцы — пазбаўленне прэміі. Самая жорсткая мера дысцыплінарнага
спагнання — штраф. Штрафы прымяняюцца вельмі рэдка і толькі пры ўмове сістэматычнага парушэння правілаў.
«Супрацоўнікі, якія спазняюцца, часцей за ўсё спасылаюцца на цяжкасць уставаць раніцай і праблемы з транспартам. Толькі кожны пяты прызнаецца ў тым, што не ўмее планаваць уласны
час», — адзначыла эксперт.
БелаПАН