У Беларусі да барацьбы з самагоншчыкамі падключылі пошту
У Мінскай вобласці жыхарам прапануюць ананімна паведамляць пра самагоншчыкаў з дапамогай пошты. Як паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама, жыхарам дастаткова проста апусціць у паштовую скрыню паперу са сваім паведамленнем — без канверта і паштовай маркі, якую затым работнікі пошты перададуць кіраўніцтву органаў унутраных спраў для аператыўнай праверкі.
У сваім ананімным паведамленні трэба пазначыць адрас правапарушальніка, месцазнаходжанне самагоннага апарата ў лясным масіве ў выглядзе схемы і іншыя звесткі аб месцах незаконнага вырабу і рэалізацыі спіртнога — самагону, спірту і да т.п.
Работнікі пошты знойдуць паведамленне пасля выемкі карэспандэнцыі з паштовай скрыні і яе сартавання.
"Спадзяемся, што гэтая форма ўзаемадзеяння грамадзян і міліцыі пацвердзіць сваю эфектыўнасць, бо вылучаецца ў першую чаргу сваёй даступнасцю, прастатой і поўнай ананімнасцю", — адзначылі ва УУС.
Некаторыя грамадзяне, якія валодаюць звесткамі аб правапарушальніках, па шэрагу прычын не звяртаюцца з інфармацыяй на тэлефон існуючай "гарачай лініі" АУС, па-ранейшаму аддаючы перавагу паштовай сувязі, лічаць праваахоўнікі.
Па іх словах, менавіта ў ходзе аператыўных праверак ананімнай інфармацыі, якая паступіла ва УУС па пошце, у 2013 годзе ў вобласці выяўлены і прыцягнуты да адказнасці найбуйнейшыя ў краіне вытворцы нелегальнага спіртнога.
Як паведамілі ва УУС, у 2013 годзе ў Мінскай вобласці выявілі больш за 2 тыс. асоб, уцягнутых у незаконны абарот спіртнога, у тым ліку дзякуючы дапамозе насельніцтва.