У Беларусі на два дні павялічылі тэрмін прыёму дакументаў у ВНУ на бюджэтныя месцы

Усе дакументы Мінадукацыі, якія рэгламентуюць правядзенне ў 2015 годзе уступнай кампаніі, знаходзяцца на юрыдычнай экспертызе і будуць апублікаваныя ў бліжэйшы час.



vnu_2.jpg

Пра гэта паведаміў падчас анлайн-канферэнцыі «Уступная кампанія-2015» на сайце БелТА начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Раманюк.

«Пакуль жа магу сказаць, што з мэтай больш поўнага задавальнення патрэбаў абітурыентаў прадугледжана развядзенне па тэрмінах прыёму за кошт сродкаў бюджэту (больш раннія часовыя рамкі) і прыёму на платнай аснове (пазнейшыя). Рэгламентаваныя часовыя рамкі арганізацыі прыёму на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, паступленне на якія магчыма толькі пасля завяршэння сельгасработ», — распавёў Сяргей Раманюк.

У параўнанні з 2014 годам павялічаны на 2 дні тэрмін прыёму дакументаў на бюджэт — з 8 па 15 ліпеня (уступныя іспыты ва ўстановах вышэйшай адукацыі пройдуць з 16 па 21 ліпеня), рэгламентаваны тэрміны прыёму дакументаў, правядзення сумоўя і залічэння на вакантныя месцы грамадзян Луганскай і Данецкай абласцей Украіны (у адпаведнасці з указам ад 30 жніўня 2014 года № 420) — з 26 ліпеня па 1 жніўня. Грамадзяне Луганскай і Данецкай абласцей будуць удзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя вакантныя месцы ў ходзе дадатковага набору, пасля залічэння грамадзян Беларусі.

Прыём дакументаў для грамадзян рэспублікі на платнай аснове ў ВНУ пройдзе з 8 ліпеня па 2 жніўня. Грамадзяне Луганскай і Данецкай абласцей змогуць удзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах аплаты, прадугледжаных для беларускіх грамадзян, — па 15 кастрычніка.

Прадугледжана задавальненне інтарэсаў абітурыентаў, якія не прайшлі па конкурсе на спецыяльнасці, якія патрабуюць спецыяльнага прафесійнага адбору (творчыя, ваенныя). Для іх устаноўлены больш раннія часовыя рамкі прыёмнай кампаніі.