У Беларусі рыхтуюць «падатак на прыгажосць?»

У Магілёве падатковая інспекцыя ўзяла інфармацыю аб кліентах дарагога спа-салона.



ai_191909_aux_head_20160219_krasota_t.jpg

Здымак jenial.ru
На днях кліентка дарагога спа-салона ў Магілёве атрымала SMS: «Паважаныя кліенты, падатковая інспекцыя мае канфідэнцыйную інфармацыю...Любім вас, спадзяемся на разуменне», піша Onliner.by.
Чытачка піша: «Пасля гэтага ў мяне склалася адчуванне, што дзяржава прыйшла і спачатку зазірнула да мяне ў лядоўню, а затым на паліцу з касметыкай...»
— Мая 6-гадовая дачка спытала: «Гэта падатак на прыгажосць?» Атрымліваецца, што тым, хто афіцыйна не працуе з цяперашняга часу, лепш наогул не карыстацца ніякімі дысконтнымі картамі, не афармляць пакупкі ды не заказваць паслугі на свой рэальны нумар тэлефона і прозвішча, — разважае кліентка спа-салона.
У салоне адмаўляць інфармацыю не сталі:
— Да нас прыйшла пазапланавая праверка. Яна прайшла добра, але інфармацыя з кампутараў была канфіскаваная не вельмі прыгожа і карэктна. Гаворка пра імёны і тэлефоны нашых кліентаў, якіх мы хацелі б абараніць. Ніякага дачынення да фінансавага боку праверак гэтыя звесткі не мелі. Навошта яны спатрэбіліся падатковай інспекцыі? У нашым салоне абслугоўваюцца ў тым ліку, сур'ёзныя людзі, і, упэўненая, ім было як мінімум непрыемна даведацца аб тым, што звесткі патрапілі ў чыесьці рукі. Мы склалі прэтэнзію з гэтай нагоды - будзем чакаць адказу.
У раённай інспекцыі Магілёва хочуць супакоіць хваляванні.
— Скажу адно - людзям перажываць не трэба, — пракаментаваў адказны супрацоўнік. - Калі нейкія пытанні будуць, то толькі да арганізацыі. Кліенты заплацілі свае грошы, атрымалі паслугу і могуць жыць спакойна.
— Падатковая інспекцыя апошнім часам часта кажа пра жыццё па сродках. Ці не з'яўляецца канфіскацыя звестак з салона прыгажосці часткай гэтай працы?
- Метады раскрываць не буду — мы працуем у розных кірунках, а не толькі буйных пакупак накшталт аўтамабіляў і нерухомасці. Людзі, якія атрымліваюць даходы і не плацяць падаткі, будуць па-ранейшаму выяўляцца. Што тычыцца гэтага салона — не, інфармацыя канфіскоўвалася не з мэтай шукаць багатых неплацельшчыкаў падатку.
Паводле Хартыі'97