Андрэя Бандарэнку змясцілі ў адзіночную камеру, каб не кантактаваў з іншымі вязнямі

Вязня магілёўскай турмы, былога праваабаронцу Андрэя Бандарэнку змясцілі ў адзіночную камеру. Пра гэта стала вядома падчас кароткатэрміновага спаткання Андрэя Бандарэнкі з бацькам.



bandarenka002.jpg

Валер Бандарэнка распавёў карэспандэнту Свабоды:
«Учора бачыўся з Андрэем у турме. Спатканне было кароткім, як заўсёды, праз шкло пагаварылі, пад кантролем ахоўнікаў. Андрэй распавёў, што перавялі яго з камеры, дзе было некалькі вязняў, у адзіночную. Сказалі, нібыта за тое, што шмат піша лістоў. Але мяркую, галоўная прычына ў тым, што яму давялося шмат скаргаў складаць ад імя іншых вязняў. Як суседзі па камерах даведаліся, што з імі сядзіць вядомы праваабаронца, дык пасыпаліся такія просьбы. Андрэй пра гэта распавядаў.
Яшчэ паведаміў, што фактычна адрэзалі яго ад кантактаў з сябрамі і аднадумцамі на волі. Раней пісаў лісты Міхаілу Пастухову, Ганне Шапуцька, Марыне Адамовіч, але цяпер ад іх нічога не прыходзіць і пра лёс сваіх лістоў ён ня ведае. Мяркуе, што не прапускаюць.
Таксама пракамэнтаваў звесткі адносна справы Міхаіла Жамчужнага, што той нібыта ад імя „Платформы“ плаціў за закрытую інфармацыю з міліцыі аднаму міліцыянту. Гэта хлусня, сказаў Андрэй. Сказаў, што „Платформа“ нікому за інфармацыю не плаціла, але здабывала інфармацыю, гэта было, што законам не забаронена.
Сын прасіў перадаць праваабаронцам, каб дамагаліся вызвалення свайго калегі Міхаіла Жамчужнага, ягоную справу назваў цалкам сфальшаванай. Пра сябе прасіў перадаць, што яго пазбавілі законнага права на амністыю, і гэта таксама ёсьць прычынай для патрабавання лічыць ягоны пераслед палітычна матываваным».
Паводле Валера Бандарэнкі, ягоны сын Андрэй Бандарэнка выглядае нармальна, трымаецца ў зняволенні мужна.
Былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі дапамогі вязням «Платформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка адбывае 3 гады зняволення за злоснае хуліганства. Некалькі месяцаў таму Андрэю Бандарэнку за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання змянілі рэжым на турэмны і перавялі са Шклоўскай калоніі ў Магілёўскую турму. Вязень працягвае заяўляць, што ягоны пераслед быў звязаны з праваабарончай дзейнасцю і патрабаваць вызвалення. Цягам адбыцця пакарання Андрэй Бандарэнка шмат разоў патрапляў у карцар, адносна яго ўжывалі розныя правакацыі.