У чым вінаватыя зубры?

Жыхары прыпушчанскіх вёсак завочна нязгодныя з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якое вызначыла зубра агрэсіўнай жывёлінай. У вёсцы Вярховічы Камянецкага раёна не прыгадваюць ніводнага выпадку нападзення зубра на чалавека. Нават паляўнічы Міхаіл Верабей засведчвае амаль абсалютную міралюбнасць гэтай жывёліны:
 



puszalugawaja.jpg

— Адзін быў выпадак? і то даўно-даўно, калі зубр каня забіў. Егер, што карміў гэтых зуброў, павёз сена пакласці ў кармушку. Тады агрэсіўны зубр забіў каня. А колькі я з пушчы дровы вазіў, то ля дарогі стаіць статак, толькі голавы падымуць.
Каментар Мінпрыроды пра наяўнасць праблемы з агрэсіўнасцю зуброў узнік у СМІ ў сувязі з пастановай Саўміна №1073. Пастанова пашырае пералік крытэраў, па якіх дазваляецца адстрэл зубра, нягледзячы на яго прысутнасць у Чырвонай кнізе. Да асобінаў, якіх можна будзе забіваць, цяпер адносяцца зубры, што ў зімовы перыяд знаходзяцца на тэрыторыі ферм і сіласных буртоў і праяўляюць агрэсіўнасць да людзей і дамашніх жывёл; зубры, якія праяўляюць агрэсіўнасць да суродзічаў, а таксама цяляты, што нарадзіліся з кастрычніка па снежань уключна.
Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя