У Горках прыпынены суд па іску кіраўніка раённай арганізацыі інвалідаў да газеты "Узгорак" і БелаПАН
Суд у Горках па іску кіраўніка раённай арганізацыі інвалідаў да газеты "Узгорак" і БелаПАН прыпынены 17 красавіка на няпэўны тэрмін.
Нагадаем, старшыня Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў (БелТІ) Тамара Калтунова абвінаваціла газету і БелаПАН у нанясенні ўрону гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі і запатрабавала ў якасці кампенсацыі маральнага ўрону 50 млн. рублёў. Кіраўнік арганізацыі ўбачыла паклёп на сябе ў перадрукаваных "Узгоркам" матэрыялах БелаПАН з пасяджэнняў суда, якія праходзілі ў канцы 2013 года. Тады Калтунова абвінавачвала ў паклёпе на сябе чатырох жанчын-інвалідаў, але прайграла суд.
На сённяшнім пасяджэнні выступілі прадстаўнікі абодвух бакоў. Адвакат Тамары Калтуновай у поўнай меры падтрымала заяўленыя ў іску патрабаванні, заяўляючы, што выказванні ў адкрытым судзе не павінны
публікавацца без праверкі іх дакладнасці.
У сваю чаргу бок адказчыкаў указваў, што журналіст не можа падмяняць сабой ні праваахоўныя, ні судовыя органы, праца якіх заключаецца ва ўстанаўленні праўдзівасці тых ці іншых сцвярджэнняў. Было
адзначана, што ў публікацыях БелаПАН і "Узгорка" былі прадстаўлены аргументаваныя пазіцыі абодвух бакоў канфлікту, каб чытачу была зразумелая яго сутнасць і сутнасць узаемных
абвінавачанняў.
Наяўнасць канфлікту ў раённай арганізацыі інвалідаў з'яўляецца неаспрэчным фактам, і велізарная доля адказнасці тут ляжыць на старшыні арганізацыі, якая не змагла стаць выразнікам інтарэсаў
усіх без выключэння яе членаў, скардзячыся на незадаволеных інвалідаў у праваахоўныя органы і суд, адзначалі адказчыкі.
На судовым пасяджэнні зноў абмяркоўвалася меркаванае незаконнае атрыманне пенсіі Тамарай Калтуновай. Суддзя Віктар Ясковіч паведаміў, што абласная пракуратура адмяніла пастанову Горацкага раённага
аддзела Следчага камітэта аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы, якім быў устаноўлены факт махлярства. Таму разгляд цяперашняй судовай справы прыпыняецца. Пасля таго, як суд атрымае вынікі
паўторнай праверкі, судовыя пасяджэнні будуць адноўлены, заявіў суддзя.
"Гэты суд павінен адказаць на пытанне: ці нясуць СМІ адказнасць за тое, што яны паказалі ход судовага працэсу, калі аднаму з бакоў ён не спадабаўся", — заявіў БелаПАН юрыст
Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН