У Гродна затрымалі сябра партыі БХД

У Гродна супрацоўнікі міліцыі затрымалі сябра БХД Сяргея Верамеенку. Пра гэта паведаміў старшыня мясцовай арганізацыі БХД Мікола Баўсюк.



milicyja.jpg

Сяргей Верамеенка накіроўваўся з торбай улётак у партыйны офіс, што на вуліцы Будзёнага 48 а. На ўваходзе яго запынілі двое асобаў у цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Верамеенку затрымалі на вачах ягоных аднапартыйцаў і павезлі ў пастарунак. У торбе затрыманага былі ўлёткі з тэкстам і адрасамі у падтрымку палітвязняў.

Сябры БХД збіраліся распаўсюджваць іх у рамках кампаніі салідарнасці “Напішы палітвязню ліст”.

У РАУС усё ўлёткі пералічылі, пасля чаго зноў-такі без афіцыйных дазволаў людзі ў цывільным накіраваліся дадому да Сяргея Верамеенкі, дзе зрабілі ператрус у пошуках улётак. Са словаў міліцыянтаў, яму можа пагражаць суд за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных.


spring96.org

Прэсавая служба БХД