У Гродне калядавалі ў кавярнях, цэнтры горада і спальных раёнах (фота)

Гродзенскія калядоўшчыкі на праваслаўнае Раство здзейснілі сапраўдную адысею: за паўдня праехалі Скідаль, Каробчыцы, Баранавічы, абыйшлі з дзясятак кватэраў у спальных раёнах горада.



А напрыканцы сутак, бліжэй да адзінаццатай, яшчэ і “засвяціліся” ў цэнтры, наведаўшы некалькі кавярняў.

Калядоўшчыкі: мядзведзь, каза, цыганка ды іншыя персанажы — зусім не прафесійны калектыў. Гэта проста моладзь, якая спрабуе зберагчы і адаптаваць да сучаснасці традыцыі продкаў. У паўсядзённым жыцці гэта офісныя супрацоўнікі, журналісты або ўкладчыкі падлогі.

Для рэквізіту хлопцы з дзяўчатамі знайшлі некалькі народных строяў, традыцыйны кажух замянілі вывернутай на левы бок скуранкай, а на каляднай зорцы прымацавалі экшн-камеру Go Pro — як даніну модзе і сучасным тэхналогіям.

Прыказкі, прымаўкі, калядныя спевы з пазамінулага стагоддзя з аднаго боку выглядаюць гратэскава ў інтэр’ерах сучасных кватэраў або ў савецкіх пад’ездах. З іншага боку, гэта ўніверсальныя карнавальныя элементы, якія выклікаюць толькі пазітыўную рэакцыю ў мінакоў, гаспадароў або выпадковых наведнікаў кавярні, якім цыганка гадала па руцэ марозным калядным вечарам.

euroradio.fm