У Гродзенскай вобласці прайшлі грамадскія слуханні па пытанні асушэння балота Святое
2 лістапада ў Доме культуры пасёлка Азёры Гродзенскай вобласці прайшлі грамадскія слуханні па асушэнні балота Святое.
Слуханні праводзіліся па даручэнні першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі.
Паводле інфармацыі кампаніі "У абарону беларускіх балот", зараз вырашаецца лёс заказніка Гродзенскай вобласці "Азёры", які хочуць урэзаць на 250
гектараў для працягу працы торфабрыкетнага завода "Верцялішкі", дзе запасаў сыравіны засталося максімум на 10 гадоў. Апрача мясцовых жыхароў у слуханнях узялі ўдзел
дэпутаты, прадстаўнікі Мінпрыроды і Гроднааблвыканкама, НАН РБ, мясцовых лясгасаў, экалагічных НДА.
Праект пастановы аб змене межаў заказніка не атрымліваецца ўзгадніць яшчэ з вясны: ацэнка супрацоўнікаў Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі вынесла заключэнне
аб немэтазгоднасці вываду гэтай тэрыторыі са складу зямель заказніка, тым больш з мэтай торфараспрацовак. Згодна з даследаваннямі вучоных, наступствы торфаздабычы будуць несці за сабой вялікія
страты. Распрацоўка тарфяных радовішчаў пад Гродна ўжо прывяла да спускання вады возера Суботняе (з-за паніжэння ўзроўню грунтовых вод). І хутка
асушэнне балота Святое прывядзе да знікнення азёраў Глінец і Шчучынае.
Фота Аляксандра Саенкі, БелаПАН